Апазіцыянераў абвінавачваюць ў «здрадзе дзяржаве»
- 13.11.2012, 11:29
(абноўлена) Наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску.
Тры дні таму актывіста таемна арыштавалі, нічога не паведаміўшы сваякам. Андрэя Гайдукова даставілі ў «амерыканку», яго абвінавачваюць па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса - здрада дзяржаве.
Як паведаміў сайту charter97.org сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі, што стала прычынай затрымання і ў чым канкрэтна абвінавачваюць актывіста - невядома:
«Ніякіх падрабязнасцей пакуль няма. Але нават той факт, што ні родныя, ні адвакаты, ні грамадскасць не ведаюць пра затрыманне актывіста кажа пра тое, што закон парушаны з самага пачатку. Будзем разбірацца, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць, таму што там вельмі агульная фармулёўка. Зараз даведаемся ў яго родных і блізкіх, што адбылося на самой справе».
Палітык спадзяецца, што Андрэя Гайдукова неўзабаве вызваляць:
«Я думаю, што прычын абвінавачваць гэтага актывіста няма. Я спадзяюся, што ён будзе хутка вызвалены. Самае жудаснае гэта тое, што так затрымаць могуць любога чалавека, нічога не паведаміўшы яго родным. Гэта парушэнне закона. На жаль, у Беларусі могуць затрымаць і па артыкуле, і не па артыкуле. І любы артыкул «прышыць» могуць ужо па факце затрымання».
Тры дні аб затрыманні актывіста БХД нічога не было вядома, распавёў Віталь Рымашэўскі:
«Я хачу звярнуць увагу на тое, што яго правы парушаныя з пачатку. Пакуль чалавек не асуджаны, ён не можа лічыцца вінаватым. На жаль, у нашай дзяржаве гэта не працуе. Чалавека таемна арыштоўваюць і ўтрымліваюць, мы толькі сёння даведаліся, што быў затрыманы яшчэ тры дні таму».
Андрэй Гайдукоў зусім нядаўна стаў актывістам БХД, адзначыў палітык:
«Гэта новы чалавек для партыі і ён прыйшоў літаральна некалькі месяцаў таму, малады сябра рэгіянальнай арганізацыі».
У кватэры Андрэя Гайдукова быў праведзены ператрус, у яго канфіскавалі кампутар і тэлефон. У Полацку быў арыштаваны яшчэ адзін актывіст БХД Ілля Багданаў, але праз некаторы час яго вызвалілі пад падпіску аб невыдаванні.