Алег Волчак: Андрэя Гайдукова трэба абараняць
- 14.11.2012, 18:11
Малады актывіст не можа быць агентам замежнай выведкі, упэўнены праваабаронца.
«КДБ хоча неяк апраўдацца пасля таго крызісу, які ўзнік пасля вызвалення ад пасады старшыні Вадзіма Зайцава. Людзей трэба пераканаць у сваёй правамоцнасці, кампетэнтнасці і важнасці структуры», - распавёў сайту charter97.org былы следчы пракуратуры і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.
Паводле слоў праваабаронцы, малады актывіст не можа быць агентам замежнай выведкі:
«Суб'ектам злачынства не можа быць малады чалавек, які раней не служыў у органах і не быў у дзяржаўных структурах. Студэнты не становяцца выведнікамі. Выведнікі - гэта людзі, якія гадамі гэтым займаюцца і адпрацоўваюць прафесійныя навыкі».
Паведамленне КДБ пра тое, што Андрэя Гайдукова затрымалі ў момант закладкі схованкі нагадвае Алегу Волчаку дэтэктыўныя фільмы:
«Усе гэтыя схованкі мне нагадваюць фільмы з Джэймсам Бондам 60-х гадоў, калі не было Інтэрнэту і электронных носьбітаў. Гэта вельмі прымітыўны спосаб перадачы інфармацыі. Сучасныя людзі добра ведаюць, як перадаць інфармацыю. Браць і капаць рыдлёўкай — гэта ў мяне выклікае вельмі вялікія сумневы».
Былы следчы не верыць, што ў шэрагах БХД мог быць агент ЦВА ЗША:
«Я былы памежнік, я працаваў у складаныя часы Афганскай вайны, і я скажу, што агент павінен быць непрыкметным, невядомым і засакрэчаным. Ён не павінен займацца якой-небудзь грамадскай дзейнасцю. А Андрэй Гайдукоў - з БХД, публічнай арганізацыі. Я выключаю магчымасць, што ў іх шэрагах засакрэчаны чалавек мог працаваць на ЦВА».
Такую выведку як ЦВА наша краіна практычна не цікавіць, зазначыў эксперт:
«КДБ паведаміў, што яны затрымалі хлопца ў момант закладкі інфармацыі. Але чаму яны не пачакалі чалавека, які павінен быў забраць гэтую інфармацыю? У такіх выпадках патрэбен пасярэднік, выканаўца і той, хто купляе інфармацыю. Тры стараны, каб можна было ўсталяваць прычынна-выніковую сувязь. А такі хапок КДБ перапыняе далейшыя дзеянні, становіцца бессэнсоўна шукаць замоўцу. Можна было прасачыць, куды замоўца паедзе, вывучыць усе сувязі. Раней такія аперацыі планаваліся паўтары гады. І наогул, мы геапалітычна і стратэгічна не вельмі цікавыя такой спецслужбе, як ЦВА».
Актывіста БХД, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве, трэба абараняць, упэўнены Алег Волчак:
«Я як праваабаронца мяркую, што гэтага хлопца трэба абараняць. Тых звестак, якія ёсць, досыць. Калі гэта такая гучная справа, чаму б КДБ не даць мінімальных юрыдычных довадаў, якія не паўплываюць на таямніцу следства?».
Нагадаем, 8 лістапада быў арыштаваны актывіст аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў. Цяпер ён знаходзіцца ў «амерыканцы», КДБ абвінаваціў яго ў працы на замежную выведку.
Паводле заявы КДБ, актывіста затрымалі нібы ў момант закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы. На яго заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 356 Крымінальнага Кодэкса «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці».