BE RU EN

Павел Севярынец: У Беларусі з'явіўся яшчэ адзін палітвязень

  • 15.11.2012, 13:54

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», патрабуе вызвалення Андрэя Гайдукова.

Таксама палітык настойвае на растлумачэнні аперацыі па яго затрыманню, паведамляе bchd.info.

«Уся гэтая гісторыя з заключэннем Андрэя Гайдукова стварае ўражанне абсурду, прычым жорсткага і гвалтоўнага абсурду, накіраванага на запалохванне грамадства. 22-гадовы слесар, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў», прыхільнік Хрысціянскай Дэмакратыі, актывіст сацыяльных сетак раптам, аказваецца, «закладвае тайнік». Што ж вы, прафесіяналы, не дачакаліся там, каля «тайніка» якога-небудзь заакіянскага Джэймса Бонда, якому так патрэбна «сацыяльна-эканамічная інфармацыя аб Рэспубліцы Беларусь»? Можа быць, таму, што ніякага шпіёна і шпіянажу там няма? Крывавыя гісторыі пра японскіх і румынскіх «шпіёнаў» наша краіна ўжо праходзіла ў 1937 годзе. Можа, камусьці трэба паказаць, што КДБ працуе і дзеля гэтага хапаюць першага ж актывіста, нязгоднага з рэжымам, які трапіўся пад руку. Ніхто ж не верыць гэтым «афіцыйным версіям», - сказаў Павел Севярынец.

Палітык запатрабаваў тлумачэння прычын затрымання Гайдукова.

«Калі ніякіх ясных тлумачэнняў віны Гайдукова прадстаўлена не будзе - можна лічыць, што ў Беларусі з'явіўся 15-ты палітвязень», - адзначыў ён.

Нагадаем, 8 лістапада быў арыштаваны актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў. Цяпер ён знаходзіцца ў «амэрыканцы», КДБ абвінаваціў яго ў працы на замежную выведку.

Па заяве КДБ, актывіста затрымалі нібыта ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы. На яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле 356 Крымінальнага Кодэксу «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці».

Апошнія навіны