BE RU EN

Віталь Гуркоў: Прыйшоў час заняцца раскруткай Беларусі

  • 16.11.2012, 11:33

Заслужаны майстар спорту атрымлівае сенсацыйныя перамогі над сусветнымі зоркамі.

Віталь Гуркоў нарадзіўся ў Сцяпянцы, рос у простым асяроддзі працоўных, быў добрым школьнікам і займаўся ў гуртку лялечнага тэатра. Ляпіў з пластыліну цацкі, вывальваў іх у муцэ і фарбаваў. У дванаццацігадовым узросце пачаў займацца спортам, пайшоў на баскетбол у школьную секцыю. На адной з першых трэніровак трапіў у бойку, піша budzma.org.

«Трэнер сказаў: «Хочаце біцца - ідзіце на бокс». Я і пайшоў», - успамінае Гуркоў.

У канцы 90-х па па тэлебачанні паказвалі праграмы пра тайбаксёраў. У той час галоўнай байцоўскай зоркай Беларусі быў Зміцер Пясецкі, да якога Віталь воляй лёсу прыйшоў займацца ў клуб «Чынук».

«У групе пачаткоўцаў я не быў мацнейшым. Але амаль усе сышлі, а я застаўся. Памятаю першыя спаборніцтвы: дайшоў да фіналу, але мне адбілі нагу. Хадзіць было балюча, нага тузалася. Але вырашылі выступіць. Трэнер узяў мяне, як шчанюка, і паставіў у рынг...»

У тым паядынку Віталь перамог. І вельмі хутка пачаў расці.

«У 16-гадовым узросце я выступіў на чэмпіянаце Беларусі па тайскім боксе «па мужыках», - распавядае Віталь. - Памятаю, як сядзеў у распранальні, сапернікі здаваліся мне забойцамі. Аднак у гэтым чэмпіянаце я ўзяў першае месца і прабіўся на першынство планеты ў Тайланд. Падчас першых баёў трыбуны на стадыёне ў Бангкоку не былі запоўненыя, і туды прывялі тайскіх школьнікаў. Пры росце больш за 180 см я меў вагу каля 60 кг і выглядаў як сухастой. Падчас майго выхаду на рынг гэтыя школьнікі пасмейваліся і паказвалі на мяне пальцамі. У першым раўндзе мне ўдалося выкінуць суперніка, славака, за канаты. І трыбуны заціхлі... У тым паядынку я перамог. Па выніках усяго чэмпіянату нечакана ўзяў золата».

Паступова Віталь падымаўся ў вагавой катэгорыі і стабільна перамагаў на ўсіх камандных чэмпіянатах планеты. Золата ён браў у вазе 60 кг, 63,5 кг, 67 кг, 71 кг.

З-за вялікага траўматызму тайскі бокс не ўключаюць у алімпійскую праграму, як, напрыклад, менш папулярнае таэквандо. Аднак канкурэнцыя павялічвалася. Здаралася, чэмпіёны свету сярод прафесіяналаў выступалі за сваю нацыянальную каманду па аматарскіх правілах (дазваляюцца абарончы шлем, налакотнікі і шчыткі на галёнкі) і прайгравалі. Гуркоў стаў адным з самых выдатных байцоў за ўсю гісторыю правядзення аматарскіх чэмпіянатаў свету. Браў золата восем разоў.

Толькі ў 2012 годзе ў фінале чэмпіянату планеты (праходзіў у Санкт-Пецярбургу) Гуркоў саступіў дагестанцаў Зайналбіду Магамедаву. Хоць, на думку многіх спецыялістаў, беларус стаў ахвярай неаб'ектыўных суддзяў, якія ў Расеі аддалі залаты медаль мясцоваму байцу.

На жаль, у апошні час беларусы не ўпершыню сутыкаюцца з несправядлівым судзействам, асабліва калі спаборніцтвы праходзяць на радзіме іх апанентаў. Аднак нічога не зробіш, трэба аднаўляцца і біцца далей.

Дарэчы, ад таго сярэбранага медаля Гуркоў адмовіўся, такім чынам выказаўшы пратэст супраць неаб'ектыўнага судзейства.

На той момант беларус ужо быў фігурай у беларускім спорце, заслужаным майстрам спорту.

Каронкай Віталя Гуркова лічыцца клінч - элемент барацьбы ў тайскім боксе (дазваляецца змагацца з праціўнікам, скручваць яго, біць каленамі). Але з 2009 года Віталь пачаў удзельнічаць у прафесійных паядынках па нязручных для сябе правілах - кікбоксінгу і K-1. Клінч тут забаронены, спартсмены выступаюць без ахоўнай амуніцыі.

Баі даваліся з цяжкасцю. Былі і паражэнні. Напрыклад, Віталь не змог адолець легендарнага байца з Італіі Джорджыа Петрасяна, хоць і паставіў яму два фінгалы.

У сакавіку 2010-га Гуркоў стаў чэмпіёнам Еўропы па К-1.

Пасля фінальнага паядынку тэлеканал БТ браў у яго інтэрв'ю. Упершыню ў спартыўнай гісторыі незалежнай Беларусі спартсмен загаварыў па-беларуску на публіцы.

І пасля Віталь не выпускаў магчымасці для таго, каб піярыць родную мову або зрабіць яшчэ нешта карыснае.

-Я не адчуваю сябе спартсменам на 100%. Хутчэй я павінен стаць паэтам, музыкай або мастаком. Займацца тайскім боксам я калісьці пачаў, каб пазбавіцца ад нейкіх комплексаў, жахаў. Хацелася б, каб я дапамог іншым людзям стаць больш рашучымі.

На чэмпіянаце свету IFMA 2012-га года Віталь стварыў чарговую сенсацыю: перамог прафесійную суперзорку з Тайланда Кема Сітсангпінонга.

Чаму сенсацыю? Кім - чэмпіён галоўных тайскіх стадыёнаў («Люмпіні» і «Ражадамнен») і пераможца папулярнага ў Азіі праекта Tigh Fight. Займаецца сваім відам спорту з пялёнак, правёў сотні прафесійных двубаёў з іншымі тайскімі профі.

А вось Гуркову «жалезны таец» нічога не змог супрацьпаставіць.

Цэнтральныя газеты Тайланда пасля гэтага паядынку выйшлі ў друк з фатаграфіяй Віталя Гуркова. У той жа дзень нашага байца запрасілі на трунир Tigh Fight.

Перад гэтым турнірам ў арганізатараў было адно важкае патрабаванне - выйсці ў рынг пад расейскім сцягам. Такім чынам беларусаў ужо не раз падстаўлялі.

«Такімі прынцыпамі паступацца нельга. Мы катэгарычна адмовіліся. Прыйшоў час заняцца раскруткай Беларусі ў Азіі», - сказаў ён.

Апошнія навіны