На Францкевіча ў турме нацкоўваюць іншых зняволеных
- 20.11.2012, 11:36
Адміністрацыя калоніі распускае правакацыйныя чуткі пра палітвязня.
Пра гэта сайту charter97.org распавяла Таццяна Францкевіч, маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, якая нядаўна вярнулася з доўгага спаткання з сынам з Івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы»:
«Адміністрацыя цісне на Аляксандра праз іншых зняволеных. Патрабуе, каб з ім ніхто не меў зносіны і распаўсюджвае чуткі, што ён нібыта ходзіць і даносіць начальству. Я думаю, усе палітвязні зараз праходзяць праз гэта».
Па словах маці Аляксандра Францкевіча, тым зняволеным, якія маюць зносіны з яе сынам, пагражаюць спагнаннямі:
«Яго спрабуюць ізаляваць, каб з ім ніхто не меў зносіны. Ідзе ціск і на тых дзяцей, з якімі ён сябруе. Тых, хто падтрымлівае адносіны з маім сынам, начальства пагражае кінуць у ШЫЗА і пачынаць «ужываць іншае стаўленне».
Таццяна Францкевіч лічыць, што гэта робіцца з мэтай прымусіць палітвязня напісаць прашэнне аб памілаванні:
«Цяпер ужо не гавораць прама, каб яны пісалі прашэнне, хочуць, каб яны па сваёй ініцыятыве яго напісалі. Але Аляксандр пісаць нічога не збіраецца, ён трымаецца малайцом».
Нагадаем, у траўні мінулага года Аляксандр Францкевіч быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Францкевіча і яго паплечнікаў Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.