BE RU EN

Барыс Жаліба: Расея патрабуе прыватызацыі

  • 20.11.2012, 13:11

Зніжэнне паставак расейскай нафты - гэта патрабаванне больш актыўна распрадаваць беларускую ўласнасць, лічыць эканаміст.

«Пра перамовы з'яўляюцца розныя паведамленні. Галоўнае гэта тое, што яны яшчэ не скончаныя і будуць весціся аж да пачатку наступнага года. Бо мы памятаем, што некаторыя з такіх перамоў наогул заканчваюцца 31 снежня пад крамлёўскія куранты», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org беларускі эканаміст Барыс Жаліба.

Па словах эксперта, зніжэнне паставак расейскай нафты можа прывесці да дэфіцыту валюты ўзроўню 2011 года:

«Масква пагражае недагрузкай магутнасцей нашых двух нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ), а гэта выльецца ў недабор валюты па экспарту. Бо нафтапрадукты з расейскай нафты, як вядома, асноўны артыкул экспарту. Гэта пагражае тым, што мы не зможам экспартаваць тую нафту, якую здабываем у Беларусі і пошліны ад экспарту якой ідуць у наш бюджэт, а не ў расейскі. З-за гэтага сальда нашага гандлёвага балансу можа зноў стаць хранічна адмоўным і гэта ўсё будзе аказваць ціск на валютны рынак. Той дэфіцыт валюты, які ў нас быў у 2011 годзе, можа зноў вярнуцца».

Расея хоча прымусіць Беларусь больш актыўна прадаваць дзяржаўную ўласнасць, лічыць эканаміст:

«Гэта ціск Масквы на кіраўніцтва Беларусі, галоўны падтэкст якога ў тым, каб афіцыйны Менск больш інтэнсіўна заняўся прыватызацыяй дзяржуласнасці і выконваў свае абавязацельствы ў рамках атрымання антыкрызіснага крэдыту - прыватызаваў дзяржаўную ўласнасць на 2,5 мільярда даляраў. А пакупнік тут ясны - гэта расейскі капітал».

Нагадаем, сёння стала вядома, што беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам рэспублікі Уладзімірам Сямашкам, якая вядзе з расейскім бокам перамовы аб нафтавым балансе на 2013 год, не змагла дамовіцца аб імпарце ў наступным годзе 23 млн тон нафты. Расея ў 2013 годзе паставіць у Беларусь не больш за 18 млн тон нафты.

Апошнія навіны