Зваротны адлік: РФ гатовая даць яшчэ менш нафты
- 21.11.2012, 14:29
Расея гатовая паставіць у Беларусь у 2013 годзе 18 млн тон нафты пры ўмове вяртання 2,1 млн тон нафтапрадуктаў.
Пра гэта паведаміла Агенцтву нафтавай інфармацыі (АНІ) крыніца, блізкая да перамоў.
«Мы гатовыя паставіць 18 млн тон, максімум 18,5млн тон, але толькі пры ўмове вяртання нам 2,1 млн тон нафтапрадуктаў», - сказаў ён.
Крыніца ў міністэрстве энергетыкі РФ пацвердзіла «Інтэрфаксу», што адным з галоўных пытанняў перамоў з'яўляецца аб'ём нафтапрадуктаў, якія вяртаюцца ў РФ, вырабленых з расейскай нафты. «Расеі вельмі патрэбныя гэтыя аб'ёмы, асабліва ў частцы бензіну, паколькі на ўнутраным рынку можа ўзнікнуць шэраг праблем. Між тым, для Беларусі заходні напрамак больш выгадны для паставак нафтапрадуктаў, адсюль зацягванне ў перамовах. Канчаткова перамовы не завершаны», - адзначыў ён.
Суразмоўца агенцтва не выключыў, што ў ходзе пасяджэння савета міністраў «саюзнай дзяржавы" і сустрэч на вышэйшым узроўні ў пачатку снежня гэтае пытанне можа быць вынесенае на абмеркаванне.
Раней намеснік старшыні ўрада Расеі Аркадзь Дварковіч паведаміў журналістам, што Расея не ўзгадніла аб'ём паставак нафты ў Беларусь на 2013 год у аб'ёме 23 млн тон, у той час як да гэтага першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка казаў пра дасягненні такіх дамоўленасцей. Сямашка таксама дадаў, што ў 2013 годзе Беларусь будзе гатовая забяспечваць пастаўку нафтапрадуктаў на расейскі рынак, але толькі пры наяўнасці прыбытковасці такіх паставак.
Крыніца, знаёмая з ходам перамоў, паведамляла агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што расейскі бок у ходзе перамоў з Менскам аргументуе магчымае скарачэнне паставак нафты ў Беларусь у 2013 годзе абмежаванымі тэхнічнымі магчымасцямі «Транснафты» і неабходнасцю павелічэння загрузкі Балтыйскай трубаправоднай сістэмы - 2 (БТС -2).
Між тым суразмоўца АНІ заявіў, што сама «Транснафта» ніколі не казала аб абмежаванні тых магчымасцей прапампоўкі. На думку трубаправоднай манаполіі, зыходзячы з прынцыпу пастаўкі нафты канчатковаму спажыўцу, мэтазгодна прапампоўваць ў напрамку Беларусі 16 млн тон. «Гэта аб'ёмы, якія ў стане перапрацаваць у якаснае паліва беларускія НПЗ», - дадаў ён.
Падпісанне нафтавага балансу на 2013 год ускладнена з жорсткай рэакцыяй кіраўніцтва РФ на экспарт з тэрыторыі Беларусі растваральнікаў, які ў Маскве лічаць ценявым бяспошлінным рээкспартам нафтапрадуктаў. Расейскі бок лічыў, што Беларусь, павялічыўшы закупкі расейскіх вуглевадародаў, стала экспартаваць на еўрапейскія рынкі бензін пад выглядам растваральнікаў. Экспартная пошліна на растваральнікі ў рамках Мытнага Саюза роўная нулю, тады як на бензін складае 90% ад экспартнай пошліны на нафту. Падобная схема прыводзіла да істотных страт расейскага бюджэту, якія толькі ў 2012 годзе могуць дасягнуць $2 млрд.