На самой справе Гайдукоў быў арыштаваны за захоўванне газеты «Хартыя'97»
- 21.11.2012, 17:41
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» назвала сапраўдныя прычыны арышту актывіста.
«Еўрапейская Беларусь» выступіла сёння з наступнай заявай:
«8 лістапада быў арыштаваны намеснік старшыні Саюза маладых інтэлектуалаў, актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэй Гайдукоў. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў рабоце на замежную выведку.
Супраць яго распачатая крымінальная справа па артыкуле 356 Крымінальнага Кодэксу «здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці». Па заяве КДБ, актывіста затрымалі нібыта ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы.
Паводле інфармацыі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Андрэй Гайдукоў быў затрыманы, калі перавозіў частку тыражу газеты «Хартыя'97» для распаўсюджвання ў Віцебскай вобласці. Менавіта гэтая газета і стала «звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы», паколькі затрыманне адбылося ў момант, калі Гайдукоў складаваў яе.
Выхад газеты «Хартыя'97» наладжаны ў Беларусі актывістамі моладзевых рухаў і змяшчае матэрыялы з сайта charter97.org і іншых незалежных сайтаў.
Такім чынам, Андрэй Гайдукоў скарыстаўся сваім правам, гарантаваным Канстытуцыяй, артыкул 34 якой абвяшчае: «Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя ...»
Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Гайдукова».