Сапраўдныя тэрарысты дагэтуль не названыя
- 22.11.2012, 21:01
ААН прызнала, што ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва быў парушаны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У дакуменце, які паступіў з Камітэта правоў чалавека ААН, адзначаюцца 7 канкрэтных парушэнняў, якія былі зробленыя падчас следства, суда і выканання смяротнага прысуду. Галоўнае, што напісана ў гэтым дакуменце: «Права на жыццё Уладзіслава Кавалёва было парушанае», перадае «Радыё Свабода».
Маці Уладзіслава Любоў Кавалёва заявіла журналістам: гэтыя дакументы даюць ёй падставу сцвярджаць, што злачынцы, якія ўчынілі выбух у менскім метро, дагэтуль так і не названыя. «Улады не спрабуюць знайсці сапраўдных выканаўцаў гэтага страшнага тэракту», - сказала яна.
Юрыст Раман Кісляк назваў журналістам парушэнні, якія вызналі міжнародныя эксперты:
«Па-першае, да Уладзіслава Кавалёва ўжывалася фізічная сіла, недазволеныя метады. Яго прымусілі даць сведчанні супраць самога сябе. Ён пра гэта заявіў падчас судовага паседжання. І гэта парушэнне як забароны катаванняў і жорсткага абыходжання, так і забароны прымусу даваць сведчанні супраць сябе».
Эксперты ААН пішуць і пра іншыя парушэнні. Напрыклад, іх здзіўляе, што амаль усе хадайніцтвы пракуратуры суддзі задаволілі, а патрабаванні адвакатаў - амаль усе адхілілі. І гэта ставіць пад сумнеў, на думку экспертаў, незалежнасць і непрадузятасць суда.
Маці Уладзіслава Кавалёва заявіла журналістам: дакументы з Жэневы даюць ёй падставу сцвярджаць, што сапраўдныя злачынцы, якія ўчынілі выбух у менскім метро, дагэтуль не названыя. «Улады не спрабуюць знайсці праўдзівых выканаўцаў гэтага страшнага тэракту», - сказала жанчына:
«Таму мы і сабраліся тут, каб распавесці людзям пра тую сістэму, якая ў нас цяпер існуе, пра тое «правасуддзе», калі кагосьці проста прызначаюць на ролю вінаватых. І пра тое, як праходзіць следства і суд, і як выносяцца такія страшныя прысуды. На жаль, пакаранне смерцю адбылося. І нават такая пастанова міжнародных экспертаў не аддасць мне сына. Але я жадаю рэабілітаваць сына ў вачах людзей».
Праваабаронца Людміла Гразнова, якая назірала за працэсам выбуху ў менскім метро, сказала «Свабодзе», што яна і тады не бачыла ў віцебскіх юнаках тэрарыстаў. А пастанова камітэта ААН толькі пацвярджае гэту веру:
«Гэтыя дакументы праходзяць вельмі дакладную экспертызу адукаваных спецыялістаў. І яны, вядома, робяць дакладныя высновы. Таму пастанова ААН - яшчэ адзін важкі дакумент на карысць таго, што той суд не быў абгрунтаваны, справядлівы, а тыя вынікі, якія ён паказаў, не з'яўляюцца рэальнымі. І хай грамадства глядзіць на ўсё гэта і робіць свае высновы».
Што да другога расстралянага ў гэтай справе - Зміцера Канавалава, то ягоныя родныя скарг у ААН не падавалі, і таму разглядалася толькі справа Уладзіслава Кавалёва.