Беларуская дэлегацыя на «Еўравізіі» не заплаціла за гатэль
- 23.11.2012, 20:51
Папярэдняя аплата за гатэль для беларускай дэлегацыі на дзіцячай «Еўравізіі-2012» не дайшла да гатэля, што паставіла пад пагрозу ўдзел Беларусі ў міжнародным конкурсе.
Беларуская дэлегацыя ў складзе 15 чалавек, з іх 5 дзяцей, выязджае ў Амстэрдам для ўдзелу ў міжнародным конкурсе ўжо 26 лістапада. Аднак, агенцтву «Інтэрфакс-Захад» стала вядома, што ўзніклі непрадбачаныя праблемы з аплатай гатэлю.
Паводле звестак крыніц, знаёмых з сітуацыяй, супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі атрымалі з зарэзэрваванага і аплачанага яшчэ 15 лістапада гатэля ліст, у якім паведамляецца, што гатэль не атрымаў грошы банкавым пераводам, бо французскі банк заблакаваў аплату. Але грошы ў суме каля 6 тысяч еўра пакуль не былі вернутыя банкам беларускай старане.
Пры гэтым у лісце ўказваецца, што нумары для дзяцей застануцца зарэзэрваваныя, але трэба знайсці нейкую развязку для аплаты, зрабіўшы аплату па прыбыцці: з дапамогай крэдытнай карткі або гатоўкай.
У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі пацвердзілі існаванне гэтай праблемы: «Сапраўды, такая праблема ёсць. Калі пытанні не будуць урэгуляваныя, у панядзелак-аўторак будзе афіцыйны каментар ад Белтэлерадыёкампаніі».
У прэс-службе запэўнілі, што юны беларускі спявак Ягор Жэшка ў кожным выпадку выступіць на конкурсе, а аплата нумароў для дзяцей і дэлегацыі, у найгоршым выпадку, будзе праведзеная гатоўкай або карткай. Дзіцячы конкурс песні «Еўравізія-2012» пройдзе 1 снежня ў Амстэрдаме.