Studio Total атрымала прэмію Epica Awards
- 23.11.2012, 22:16
Агенцтва Studio Total атрымала ўзнагароду міжнароднага крэатыўнага конкурсу.
Пра гэта паведамляе сайт adsotak.by. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі на сайце конкурсу пакуль няма.
Нагадаем, што адной з самых вядомых акцый шведскага рэкламнага агенцтва стаў «плюшавы дэсант», калі каля тысячы цацак былі раскіданыя над тэрыторыяй Беларусі.
Лёгкаматорны самалёт з шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана пераляцеў паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыблізна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ускраінай Мінска больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Вайскоўцы, як і памежнікі, з самага пачатку казалі, што ніякага парушэння мяжы зафіксавана не было.
Раніцай 5 ліпеня ў Міністэрстве абароны заявілі, што фактаў, якія пацвярджаюць перасячэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, няма. «Даследуючы пададзеныя фота- і відэаматэрыялы, эксперты выявілі грубую работу з выкарыстаннем элементаў візуальнай фальсіфікацыі, што сведчыць аб відавочна правакацыйным характару падаванай інфармацыі», - гаварылася ў паведамленні прэс-службы вайсковай установы.
Нагадаем таксама, што 31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў у гарантаванні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага і начальніка Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкина.
Epica Awards - міжнародны конкурс крэатыўнай рэкламы, заснаваны ў 1987 годзе. Афіцыйна ягоныя вынікі ў гэтым годзе будуць абвешчаныя на наступным тыдні.