Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп сустрэліся на ВВС
- 26.11.2012, 0:02
Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» і яго жонка выступілі ў эфіры тэлеканала ВВС.
Падчас эфіру Андрэй Саннікаў знаходзіўся ў лонданскай студыі ВВС, а журналістка Ірына Халіп, нядаўна якая атрымала прэмію нямецкага ПЭН-цэнтра, размаўляла з дапамогай скайпа з Менска. Прыводзім відэа і змест праграмы (пераклад - charter97.org).
- Ірына Халіп, што значыць для вас атрыманне прэміі?
- Гэта вялікі гонар для мяне. Я ўспрымаю гэтую прэмію, як падтрымку свабоды слова і свабоды СМІ ў Беларусі. Гэта вельмі важна для мяне. І, вядома, атрыманне такой прэміі - гэта прызнанне еўрапейскай будучыні маёй краіны.
- Вы кажаце, што знаходзіцеся пад хатнім арыштам. Улады ў інтэрв'ю ВПС сказалі, што гэта не так. Яны сцвярджаюць, што вы можаце пакінуць краіну. Тут нейкая поўная супярэчнасць.
- Мне здаецца, у свеце застаецца ўсё менш людзей, якія вераць словам нашых уладаў. Я знаходжуся пад строгім амаль поўным кантролем. Фармальна я маю двухгадовую адтэрміноўку свайго прысуду. Я прысуджаная да двух гадоў турмы з адтэрміноўкай на два гады. Цяпер, падчас гэтай адтэрміноўкі, я фактычна пад хатнім арыштам. Я не магу нікуды адлучацца, не магу выехаць з Менска. Я павінна хадзіць у міліцыю і адзначацца там кожны панядзелак. Я не магу пакідаць свой дом па вечарах. Міліцыя прыходзіць правяраць ці знаходжуся я дома амаль кожную ноч. Часам гэта адбываецца вельмі позна. Наш пяцігадовы сын часта палохаецца, калі ён прачынаецца ад груку ў дзверы.
- Андрэй Саннікаў, што гэтая ўзнагарода значыць для вас? Вы тут, а ваша сям'я засталася ў Беларусі.
- Я вельмі ганаруся сваёй жонкай. Я шчаслівы, што яе праца зноў атрымала прызнанне - гэта не першая яе міжнародная ўзнагарода. Для мяне гэта значыць шмат, таму што сведчыць аб увазе з боку сусветнай супольнасці да маёй жонкі, да Беларусі. Мы хацелі б, каб гэта ўвага захоўвалася. У Беларусі вельмі складаная сітуацыя. У нас у краіне ёсць палітычныя зняволеныя, я хачу паказаць іх фатаграфіі. Гэта людзі, якія цяпер сядзяць у турмах Беларусі. Яны знаходзяцца пад неверагодным ціскам. Яны падвяргаюцца катаванням. Нядаўна ў турму быў кінуты Андрэй Гайдукоў. Яго арыштавалі за тое ж самае, чым займаецца мая жонка - за распаўсюджванне незалежнай інфармацыі. За гэта ён апынуўся ў турме КДБ і быў абвінавачаны ў шпіянажы.
- Вы самі не так даўно былі ганараваны прэміі Крайскі. Я мяркую, што ў вас захоўваюцца палітычныя амбіцыі. Але якім чынам можна ў той сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца ваша краіна, спрабаваць заняць палітычны пост?
- Я б не стаў казаць пра «палітычныя амбіцыі». І я, і мая жонка хочам свабоды для нашай краіны. Мы хочам бачыць свабодную еўрапейскую Беларусь, хочам бачыць павагу да праў чалавека, хочам, каб людзі свабодна выказвалі сваё меркаванне, усведамлялі сябе свабоднымі. Сітуацыя ў Беларусі сёння - ганьба для Еўропы, як я лічу, таму што Беларусь стала турмой, цэлая краіна стала турмой. У цэнтры Еўропы катуюць людзей.
Відэа даецца ў скарачэнні
- Ірына, хацелася б удакладніць яшчэ адзін момант. Былі выпадкі, калі журналістаў, якія бралі ў вас інтэрв'ю, затрымлівалі. За вамі ўстаноўлены жорсткі кантроль, магчыма, у вас бачаць палітычную сілу. Што прымушае вас працягваць сваю дзейнасць і заставацца ў краіне? Вы б маглі з'ехаць у Велікабрытанію да свайго мужа. Можа быць, гэта больш лёгкі шлях?
- Зараз я не магу прыехаць у Велікабрытанію і ўз'яднацца са сваім мужам. Вы ведаеце, што я знаходжуся пад хатнім арыштам. Ці хачу я жыць разам з каханым мужам, - гэта дзіўнае пытанне, я яго чую ўсё часцей. Адказ: так. Так, я хачу жыць разам са сваёй сям'ёй. Але для мяне цяпер самае галоўнае - гэта бяспека майго мужа, таму што пасля ўсіх катаванняў, праз якія ён прайшоў у турме, пагроз яго жыццю, для мяне галоўнае, што ён, хоць і далёка ад мяне, але ў бяспецы. Мне лепш бачыць яго ў скайпе, чым адзін раз у тры-чатыры месяцы праз тоўстае шкло ў пакоі для спатканняў у турме. Пакуль я знаходжуся тут, я працягваю сваю працу, сваю праваабарончую дзейнасць. Я ўсё ж такі застаюся журналістам.
- Я хачу сказаць, што я цябе вельмі люблю, і ўпэўнены, што хутка мы будзем разам.
- Андрэй Саннікаў, Ірына Халіп, дзякуй вам за гэтую размову. Я б хацеў распавесці некалькі слоў пра яе перадгісторыю. Было досыць складана для нас на ВВС з журналісцкага пункту гледжання арганізаваць інтэрв'ю з гэтымі двума людзьмі адначасова, таму што звязацца па тэлефоне з Ірынай Халіп мы не маглі на працягу тыдня. Дзіўны сюрпрыз. Скажам так: сувязь дрэнна працавала. Дзякуй вам абодвум.