BE RU EN

У дыктатара адбяруць ЧС па хакеі

  • 27.11.2012, 10:00

МФХ можа адмяніць правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Алімпіяда ў Сочы можа стаць прычынай поўнага перагляду канцэпцыі чэмпіянату свету па хакеі, права правядзення якога ў 2014 годзе выйграла Беларусь. Магчымы і такі варыянт, пры якім Міжнароднай федэрацыі хакея (МФХ) прыйдзецца цалкам адмяніць сусветнае першынство, пішуць «Известия».

- Вядома, цікавасць да чэмпіянату свету-2014, які павінен прайсці ў траўні, фактычна праз тры месяцы пасля Алімпійскіх гульняў у Сочы, можа быць вельмі нізкай. На кангрэсе МФХ гэтая праблема абмяркоўвалася. Як адзін з варыянтаў вырашэння пытання разглядаецца стварэнне новага фармату сусветнага першынства, - распавёў выканаўчы дырэктар Федэрацыі хакея Расеі Валерый Фесюк. - Пакуль што гэта адкрытая тэма і ніякіх зменаў не ўнесена. Многія краіны прапануюць або замяніць ЧС на турнір з еўрапейскай канцэпцыяй, таму што, напрыклад, ЗША і Канада наўрад ці дашлюць каманды, ці ўвогуле адмяніць.

Улады Беларусі пакуль асцерагаюцца толькі байкоту чэмпіянату з боку шэрагу краін. Але ў прэс-службе Федэрацыі хакея ўжо гавораць аб карэкціроўцы планаў па правядзенні чэмпіянату.

- Тое, у якім фармаце пройдзе чэмпіянат свету ў Беларусі, будзе вырашана ў 2013 годзе на традыцыйным пасля кожнага сусветнага першынства сходзе ў Швецыі. Хутчэй за ўсё, фармат будзе скарэктаваны, - распавялі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, супраць правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ў 2014 годзе выступаюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.

Апошнія навіны