2013 абвясцілі «Годам ашчадлівасці»
- 29.11.2012, 18:44
Ашчаджаць беларусам давядзецца ўвесь год.
Аляксандр Лукашэнка сваім указам N357 абвясціў 2013 год у краіне «Годам ашчадлівасці».
«Год ашчадлівасці» на думку прэс-службы Лукашэнкі стане лагічным працягам рэалізацыі дырэктывы кіраўніка N3 «Эканомія і ашчаднасць - галоўныя чыннікі эканамічнай бяспекі дзяржавы» у сучасных варунках.
У прэс-службе таксама праінфармавалі, што ўрадам будзе зацверджаны нацыянальны план мерапрыемстваў для правядзення ў 2013 годзе «Года ашчадлівасці», а нацыянальнымі органамі дзяржкіравання, аблвыканкамамі, Менскім гарвыканкамам - адпаведныя галіновыя і рэгіянальныя планы.
«Правядзенне «Года ашчадлівасці» будзе спрыяць развязанню задач удасканалення арганізацыі вытворчасці, павышэння прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі і паслуг за кошт аптымізацыі выдаткаў, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, выключэнні усякага роду неабгрунтаваных страт, у першую чаргу шляхам мадэрнізацыі вытворчасці, укаранення новых тэхналогій, тэхнікі і спосабаў гаспадарання», - падкрэслілі ў прэс-службе.
Там дадалі, што мерапрыемствы гэтага года таксама накіраваныя на выхаванне ў кожнага пачуцця гаспадарлівасці, стымуляванне эканоміі і ашчадлівасці як на сваіх працоўных месцах, так і ў штодзённым жыцці.