BE RU EN

Стэфан Эрыксан: «На пакрыўджаных ваду возяць»

  • 30.11.2012, 12:29

На 4-м форуме Усходняга партнёрства беларусы падарылі высланаму з Беларусі амбасадару Швецыі карціну і цукеркі.

29 лістапада ў Стакгольме пачаўся 4-ы Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, піша «Наша Нiва».

Беларусь на Форуме прадстаўляюць 23 недзяржаўныя арганізацыі. Сёння ўсіх удзельнікаў Форума вітаў былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Пасля гэтага беларусы ўручылі яму падарунак: вялікую карціну з выявай Ружанскага палаца і скрынку беларускіх цукерак. Прэзент уручаў новаабраны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасці па Беларусі, экалагічны актывіст Уладзімір Валодзін.

Як сказаў Эрыксан, «праца ў Беларусі, гэтыя 7 гадоў, дала мне вельмі шмат. Беларусь застанецца са мной усё жыццё». Ён выказаў надзею, што калі-небудзь «вернецца».

Былы амбасадар Швецыі пажадаў беларускай грамадзянскай супольнасці яднання і ўзаемаразумення: «Не крыўдуйце і не крыўдзіце адзін аднаго».

«На пакрыўджаных ваду возяць», - сказаў Эрыксан, чым паставіў перакладчыцу англійскай у тупік.

Нагадаем, амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан быў высланы з Беларусі пасля акцыі шведскага піяр-агенцтва Studio Total, актывісты якога праляцелі над Беларуссю на лёгкаматорным самалёце і раскідалі сотні цацак з заклікам да свабоды слова.

Апошнія навіны