Аляксандр Макаеў: Прадпрымальнікаў хочуць загнаць у гандлёвыя цэнтры
- 30.11.2012, 12:46
Большасць прадпрымальнікаў згалеюць з-за забароны продажу абутку і адзення на адкрытых рынках.
«Калі забарону ўвядуць у Магілёве, то скончыцца гэта Менскам і усёй Беларуссю, гэта звычайная практыка. Прадпрымальнікаў проста хочуць загнаць у гандлёвыя цэнтры ў буйных гарадах, якія панабудавалі, а яны пустуюць», - распавёў сайту charter97.org адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Беларусі Аляксандр Макаеў.
Па словах эксперта, большасць прадпрымальнікаў проста не змогуць аплаціць арэнду ў гандлёвых цэнтрах:
«Гэта сумная сітуацыя, таму што прадпрымальнікі на рынках цяпер атрымліваюць мізэрныя даходы. Ёсць, вядома, і тыя, у каго заробак больш-менш нармальны. Але 80-90% прадпрымальнікаў не пацягнуць стаўкі арэндных плацяжоў у гандлёвых цэнтрах».
З-за такой забароны абутак і адзенне могуць падаражэць у дзесяць разоў, адзначыў Аляксандр Макаеў:
«Немінуча павышэнне коштаў. Я не магу сказаць, у колькі менавіта, але розніца ў кошце на рынку і ў гандлёвых цэнтрах Менска можа дасягаць дзесяціразовай разбежкі. Наогул, гэта добра, калі прадпрымальнік працуе ў гандлёвым цэнтры, але арэндная плата павінна адпавядаць даходам беларускіх прадпрымальнікаў. А яна не адпавядае. Усё гэта вельмі сумна».
Нагадаем, у Магілёве чыноўнікі могуць забараніць продаж адзення і абутку на адкрытых рынках. Асноўная прапанова - гэта перанос гандлю адзеннем і абуткам ў крытыя гандлёвыя цэнтры. Зараз аблвыканкам праводзіць збор меркаванняў.