«Транснафта» павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь?
- 6.11.2012, 11:42
АК «Транснафта» набірае дадатковыя аб'ёмы нафты для паставак у Беларусь у IV квартале ў рамках узгодненага графіка.
Пра гэта паведаміў Агенцтву нафтавай інфармацыі (АНІ) прэс-сакратар расейскай трубаправоднай манаполіі Ігар Дзёмін.
Паводле яго інфармацыі, на лістапад плануецца пастаўка дадатковых 315 тыс. тон, на снежань - 420 тыс. тон.
Акрамя таго, ён дадаў, што «на снежань адшукваецца магчымасць павелічэння дадатковых аб'ёмаў да 600 тыс. тон». «Але пакуль яе няма», - сказаў прэс-сакратар.
На лістапад ўжо аформлена 275 тыс. тон з 315 тыс. тон. «Шукаем дадатковыя 40 тыс. тон», - удакладніў І.Дзёмін. У цэлым па кварталу на дадзены момант пакуль атрымліваецца пастаўка ў Беларусь у аб'ёме 4,75 млн тон. «Калі ў снежні атрымаецца знайсці дадаб’ём у 600 тыс. тон, то квартальныя пастаўкі ў Беларусь складуць 4,9 млн тон», - паведаміў прэс-сакратар «Транснафты».
Раней намеснік міністра энергетыкі РФ Павел Фёдараў паведаміў, што Расея і Беларусь дамовіліся аб пастаўках 4,8 млн тон нафты ў Беларусь у IV квартале 2012 года.
У пачатку кастрычніка 2012 года РФ абмежавала для Беларусі аб'ём паставак нафты на IV квартал 2012 года - да 4 млн тон з 5,2-5,3 млн тон. Дадзенае рашэнне прынята расейскім бокам з улікам рэзкага росту паставак у Беларусь нафтапрадуктаў з РФ і невыканання беларускім бокам балансавых абавязацельстваў па пастаўцы на тэрыторыю РФ у гэтым годзе 5,8 млн тон нафтапрадуктаў. Расейскі бок таксама лічыць, што Беларусь у гэтым годзе бяспошлінна рээкспартавала расейскія нафтапрадукты пад выглядам хімічных растваральнікаў, экспарт якіх не абкладаецца пошлінамі.