Аляксандр Бухвостаў: Дзяржава ператварае рабочых у рабоў (Відэа)
- 9.11.2012, 9:00
Адзін з лідэраў незалежных прафсаюзаў сцвярджае, што адсутнасць палітычнай свабоды ў дзяржаве адмоўна ўплывае на беларускую эканоміку.
Лукашэнка распарадзіўся, каб абутковыя прадпрыемствы краіны працавалі цалкам на дзяржаўны бюджэт. На гарызонце з'явілася магчымасць нацыяналізацыі і аб'яднання абутковых заводаў у буйныя холдынгі.
Стала вядома, што аб'яднальнымі працэсамі будзе кіраваць фірма, дзе ўдзел расейцаў складае 70%, паведамляе тэлеканал «Белсат». Аляксандр Бухвостаў заўважыў, што для беларускага рабочага няма розніцы, хто ім кіруе і выкарыстоўвае яго працоўную сілу.
«Капіталіст аднолькавы і не мае нацыянальнасці. Рабочы аднолькава залежыць ад кожнага. Гэта не крытычна», - лічыць лідэр незалежных прафсаюзаў.
Разам з тым Бухвостаў лічыць, што палітычная атмасфера, адсутнасць свабоды ў краіне вельмі моцна адбіваюцца на эканамічнай сітуацыі.
«Палітычная сістэма пачынае ўплываць на эканоміку: усё павінна быць пад кантролем. Калі прадпрымальнік незалежны і атрымлівае прыбытак, то гэта не падабаецца дзяржаве, якая пачынае ўмешвацца, а гэта прывядзе толькі да пагаршэння стану беларускай гаспадаркі», - падкрэсліў актывіст.
Нацыяналізацыя ж, упэўнены Бухвостаў, не дасць работнікам ніякай перавагі. «Рабочыя зацікаўленыя ў высокай зарплаце і ў павазе да сябе. А будзе імі кіраваць прыватны ўласнік або дзяржава, для іх няма розніцы», - заўважыў Бухвостаў. Ён дадаў, што пры нацыяналізацыі дзяржава забяспечыць рабочаму толькі становішча раба.