Расейскае войска адмаўляецца ад беларускіх МАЗаў
- 11.12.2012, 9:09
Мінабароны Расеі плануе да 2014 года адмовіцца ад закупак грузавікоў «МАЗ», на якіх павінны перавозіць ракетныя комплексы «Авангард» і «Ярс».
Высокапастаўленая крыніца ў глаўкамаце Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння (РВСП) паведаміла, што замест беларускіх грузавікоў міжкантынентальныя ракеты будуць ставіць на айчынныя «КамАЗы», пішуць «Известия».
- З гэтай мэтай на Камскім заводзе ў 2013 годзе сканчаюць перспектыўнае грузавое шасі «Платформа». На іх мы ўсталюем не толькі пускавыя ўстаноўкі, але і ўсе дапаможныя комплексы: рухомыя інтэрнаты, машыны забеспячэння баявога дзяжурства і г.д., - кажа ён.
Беларусам пакуль не далі канчатковую адмову ад іх прадукцыі. У РВСП ужо паступілі першыя серыйныя менскія грузавікі на новым шасі МЗКЦ. У рамках ваеннага супрацоўніцтва з Беларуссю да 2014 года расейскія войскі атрымаюць некалькі дзесяткаў «Ярсаў» на менскіх машынах, але новых закупак ужо не будзе.
Хадавыя выпрабаванні «Платформы» з Набярэжных Чалноў пачнуцца цяперашняй зімой, а да 2014 года першымі на іх устануць «Ярсы». Новая пускавая ўстаноўка пад гэтую МБР ужо гатовая і пойдзе на выпрабаванні разам з астатнімі машынамі сямейства.
На думку ваенных, айчынныя шасі лепш адказваюць патрабаванням РВСП. На іх аснове з'явіцца тры тыпы машын. 16-восны цягач грузападымальнасцю больш за 85 т стане платформай асновай пускавой устаноўкі. 12-восный цягач грузападымальнасцю больш за 50 т плануецца выкарыстоўваць як перасоўны інтэрнат асабістага складу, вузел сувязі, камандны пункт, штаб, пункт забеспячэння баявога дзяжурства. Трэці грузавік сямейства - гэта седлавы цягач, без кузава і з адным вузлом мацавання для прычэпа. На прычэпе ён здольны перавозіць груз масай 90-165 т.
- «Платформа» пераўзыходзіць МЗКЦ па грузападымальнасці і праходнасці. У беларусаў грузападымальнасць 80 т, у расейскіх - больш за 85 т. Хуткасць па перасечанай мясцовасці - 35-40 км/г супраць 30 км/г. Глыбіня пераадольваюцца броду 1,5 м, у менчукоў - 1,1 м, - заявіў суразмоўца.
Калі «Платформа» прыжывецца ў РВСП, то «КамАЗы» на яе базе пойдуць ужо ва ўсе віды і роды Узброеных сіл, каб змяніць «КрАЗ» і састарэлыя «МАЗы», якія цяпер эксплуатуюцца ў дрэнным тэхнічным стане. Патрэба войскаў у перавозках буйнагабарытных грузаў і ваеннай тэхнікі вельмі вялікая, удакладніў афіцэр.
Аднак яго калегі з тэхнічных службаў у «КамАЗ» не ўпэўненыя. Адзін з іх сказаў «Известиям», што ў чалнінцаў практычна няма вопыту стварэння вялікагрузных складаных аўтамабіляў.
- Так, яны ўжылі арыгінальную схему: у кожнага з 32 колаў свой электрарухавік. Гэта значыць рухавік машыны працуе на генератар, той перадае энергію колавым электрарухавікам, магутнасць і праходнасць павялічваюцца. Калі з ладу выйдуць нават дзве трэці колаў, то машына захавае рухомасць. Іншы плюс - адсутнасць карданнага вала, ад якога вельмі залежыць рухомасць машыны. Але ў Менску і Крэменчуге вопыту пабольш, - лічыць ён.
Паводле яго даных, у Набярэжных Чалнах вытворчасць наладжана не гэтак ідэальна, як патрабуюць машыны для ядзернага шчыта Расеі. Напрыклад, новыя двухвосевыя «Мустангі» часта ламаюцца з-за няякаснай вытворчасці, дадаў афіцэр.
- Адзінкавыя экземпляры яны могуць вылізаць і праславіць на ўвесь свет праз раллі. Але буйнасерыйная вытворчасць - гэта іншае, - кажа суразмоўца выдання.
Аднак крыніца ў глаўкамаце РВСП сумневы страявых ракетчыкаў развеяла. Яна заявіла, што трэба ўлічваць расейска-амерыканскую Дамову аб мерах па скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў 2010 года. Згодна з дакументам, абодва бакі абавязваюцца мець не больш за 700 разгорнутых носьбітаў ядзернай зброі - МБР шахтавага і колавага базавання, ракет падводных лодак і бамбавікоў. На долю «Платформы» прыйдзецца зусім невялікая колькасць пускавых комплексаў.
- Кіроўцы і тэхнікі ў РВСП больш культурныя і тэхнічна падкаваныя, чым у астатніх Узброеных сілах. Да таго ж кіроўцамі новых машын абавязкова будуць кантрактнікі ці нават афіцэры, - падкрэсліў ён.
Грузавікі Менскага аўтазавода маркі 7912/7917 на шасі МЗКЦ-79221 лічацца сімвалам РВСП. На іх перавозіліся практычна ўсе савецкія рухомыя комплексы, у тым ліку знакамітая СС-20. Ва ўсіх парадах на Краснай плошчы ўдзельнічалі менавіта «МАЗы».