BE RU EN

«Усе баяністы носяць гадзіннік на правай»

  • 11.12.2012, 15:51

(абноўлена) Чарговыя скандальныя заявы Лукашэнкі прагучалі на прэс-канферэнцыі ў Менску.

У аўторак беларускі дыктатар сустрэўся ў Менску з членамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі, перадае «Інтэрфакс».

Пра «спіс Магніцкага»

«Навошта Расеі баяцца нейкага Магніцкага? Расея - самадастатковая краіна», - заявіў Лукашэнка, параіўшы расейскаму боку «нагой тупнуць і забіць «болт» на гэтых дэмакратычных пакутнікаў».

Ён прапанаваў Расеі больш перажываць «за Беларусь, Украіну, Казахстан, і мы будзем жыць, як жылі некалі». «А яны (Захад - ІФ) да нас прыпаўзуць», - адзначыў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік параіў таксама расейскім чыноўнікам «не вазіць грошы ў Амерыку». «Калі ў вас грошы ў Амерыцы, вядома, тады ад Магніцкага будзе біць, як у ліхаманцы", - сказаў Лукашэнка. «Калі ў цябе свая краіна, свой народ, пачуццё справядлівасці, то які тут Магніцкі?» - працягнуў ён.

Таксама, падкрэсліў ён, «яны палову Ірака разбамбілі, знішчылі ўсю Арабскую дугу, і яны пра нейкага Магніцкага кажуць».

Пра Бакіева

Лукашэнка заявіў, што экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі і папрасіў кіргіскія ўлады перавесці ў Беларусь пенсію былога кіраўніка дзяржавы.

«Жыве чалавек, пенсію яму сюды перавядзіце. Здаецца, налічана, але не пераводзяць», - адзначыў Лукашэнка.

Звяртаючыся да журналіста з Кыргызстана, Лукашэнка спытаў: «Вам патрэбен Бакіеў?». «Чалавек з’ехаў, жыве, выдатныя дзеці», - сказаў ён, паведаміўшы, што дзеці Бакіева за кароткі перыяд часу ўжо паспелі вывучыць беларускую мову.

«Я не быў сябрам Бакіева, ён быў сябрам Пуціна, Назарбаева», - адзначыў Лукашэнка. Успамінаючы нядаўнія падзеі ў Кыргызстане, ён заявіў, што тады Бакіеў «тэлефануе, плача: забяры дзяцей». «Я кажу: прыязджай разам з дзецьмі», - адзначыў кіраўнік.

Пра нафту

Дыктатар таксама заявіў, што ў бліжэйшыя два тыдні будзе ўзгоднены баланс і падпісанае пагадненне аб пастаўках расейскай нафты ў Беларусь у 2013 годзе.

«Думаю, у бліжэйшыя два тыдні мы дамовімся па гэтым балансе. Праблем тут не будзе», - заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік адзначыў, што да гэтага часу «вымалёўваецца баланс дзесьці на 19 млн тон, нам трэба 23 млн тон».

У ходзе перамоў, сказаў Лукашэнка, Расея ўвязвае пытанне паставак дадатковых аб'ёмаў нафты з неабходнасцю вяртання Беларуссю нафтапрадуктаў на расейскі рынак. «Калі нармальны кошт (на нафтапрадукты-ІФ), а цяпер ён нармальны, і мы пастаўляем бензін у Расею, то мы паставім яго колькі заўгодна», - заявіў ён.

«Мы яшчэ не падпісалі пагадненне (нафтавы баланс-ІФ), у нас час яшчэ ёсць. Думаю, дамовімся аб 23 млн», - заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «ёсць адзіная праблема: ці могуць тэхнічна нам паставіць нафту па трубе». У сувязі з гэтым ён адзначыў, што тэхнічныя магчымасці дазваляюць паставіць у Беларусь па трубаправодным транспарце каля 22 млн тон.

«Мільён мы згодныя завезці чыгуначным транспартам, хоць даходнасць будзе ўжо не тая», - заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што на ход перамоў па пастаўках расейскай нафты ў 2013 годзе не ўплываюць пытанні, якія тычацца беларускага экспарту «растваральнікаў», які меў месца ў гэтым годзе. «Гэта не ёсць жудасная перашкода да падпісання балансу па пастаўках нафты. Гэта, напэўна, фон, але не перашкода», - падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Пра кантрабанду растваральнікаў

Гаворачы аб тэме беларускага экспарту «растваральнікаў», ён удакладніў, што «растваральнікі» - гэта меншая частка, а большая - біядызель».

Дыктатар растлумачыў, што раней у гэтай сферы працавала чатыры кампаніі - дзве расейскіх, адна сумесная і адна беларуская. Гэтыя кампаніі, растлумачыў ён, куплялі дызельнае паліва ў Расеі «на 15-20% вышэй рынкавага кошту», «дызельнае паліва з высокім утрыманнем серы, завозілі гэта паліва ў Мазыр, здымалі гэтую серу, у немцаў закуплялі рапс і рабілі гэты біядызель».

«Ні адно пагадненне не парушана, і расейцы гэта прызнаюць», - заявіў беларускі кіраўнік.

«Цяпер мы гэтага не робім, Расея вельмі хваравіта на гэта адрэагавала», - сказаў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ў цяперашні час Беларусь не ажыццяўляе экспарт біядызелю.

Хоць, працягнуў ён, рэзкая рэакцыя Расеі «супярэчыць духу Адзінай эканамічнай прасторы». «Мы купілі тавар, і наша справа, што мы з ім робім», - сказаў ён.

Пра Паўднёвцю Асецію і Абхазію

Лукашэнка заявіў, што кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі больш не падымае пытанне аб прызнанні Беларуссю Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

«Мы гэтую старонку перавярнулі і больш да яе з расейскім кіраўніцтвам не вяртаемся», - адзначыў ён.

Кіраўнік сказаў, што «калі паўстала пытанне аб прызнанні-непрызнанні, мы абмеркавалі гэтае пытанне з кіраўніцтвам Расеі, тады - з прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым». «Я тады спытаў: Расея без гэтага не пражыве, калі мы прызнаем ці не прызнаем», - распавёў Лукашэнка. Акрамя таго, ён дадаў: «Я спытаў: Расея гатова ўзяць на сябе мінімізацыю негатыўных наступстваў (для Беларусі ад прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі - ІФ)? Дзмітрый Анатольевіч кажа: гэта іншае пытанне, мы не гатовыя», - адзначыў Лукашэнка.

«А самае галоўнае: нашае прызнанне - было б яно ці не было - гэта ў скарбонку ні нам, ні вам не дадало б», - сказаў беларускі кіраўнік.

Адказваючы на пытанне журналіста з Грузіі, Лукашэнка заявіў, што «мы з Расеяй выступаем за цэласнасць Грузіі». «Вы гэта ведаеце?», - спытаў ён. «Але да яе трэба прыйсці.

Без пазіцыі Саакашвілі, Іванішвілі, кіраўніцтва Паўднёвай Асеціі і Абхазіі вы гэтае пытанне не вырашыце», - адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «як толькі вы дамовіцеся з Абхазіяй, Расея будзе рада». «Кіраўніцтва Расеі перахрысціцца, калі вы дамовіцеся, але гэта павінны зрабіць вы, а не Расея», - сказаў дыктатар.

Лукашэнка таксама дадаў, што «гэта не расейская праблема, ёй не патрэбны гэты канфлікт». «У Расеі зямлі хапае. Ёй ні Паўднёвая Асеція, ні Абхазія не патрэбныя», - адзначыў ён.

Ён адзначыў, што ў Беларусі таксама былі б рады ўмацаванню цэласнасці Грузіі. «Калі пойдзе аб'яднаўчы працэс, то мы будзем побач з вамі», - сказаў Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнік заявіў, што хацеў бы бачыць Грузію ў складзе СНД. «Я буду прасіць вас ўступіць у СНД, вы нічога не страціце, і Расея будзе толькі «за», - заявіў Лукашэнка.

Пра ўладу

«Я шчыра скажу: я, мабыць, не дажыву да таго часу, калі мой малодшы сын захоча стаць прэзідэнтам, - сказаў Лукашэнка. - Гэта пустыя размовы пра пераемніка».

«Яму яшчэ 8 гадоў. Уявіце: яшчэ 30 гадоў трэба (я ў 38 стаў прэзідэнтам), каб стаць прэзідэнтам. Гэта мне будзе пад 90! Гэта ўжо на тым свеце буду, паверце! Не, я не хачу, але, разумееце, прапрацаваўшы столькі прэзідэнтам, гэта ж кожны дзень нервы... Я не планую жыць да 90, але калі дажыву, дзякуй богу, дай бог!» - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта звычайная выдумка, каб напалохаць людзей, сказаць: так Лукашэнка надакучыў, ён столькі ва ўладзе, ды яшчэ будзе да таго часу, пакуль Коля не вырасце. Думаюць, што народ спалохаецца. Ну а краіна ў нас кампактная, народ пераборлівы ў гэтым», - лічыць дыктатар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што «гэта нарадзілася ад жоўтай прэсы, ад так званай пятай калоны». «Гэтая пятая калона, якая фінансуецца звонку, у асноўным Еўразвязам і ЗША, і ясна, якую палітыку яны праводзяць. Таму тут яны пачалі мяне папракаць: вось, Мікалай - гэта нашчадак», - сказаў ён.

«Таму вы нават і не думайце, гэта поўнае глупства!» - падкрэсліў Лукашэнка.

«Я вам скажу больш. Ужо б папракалі ў тым, што старэйшы сын ці сярэдні хоча быць прэзідэнтам, - гэта было б бліжэй да ісціны. Але хачу я прэзідэнцкага лёсу сваім дзецям? Ніколі ў жыцці! Я не хачу, каб яны яшчэ раз прайшлі гэтым шляхам. Вы не ўяўляеце, што такое прэзідэнцтва бацькі для маёй сям'і», - сказаў ён.

«Я хачу, каб мае дзеці спакойна выхоўвалі сваіх дзяцей і, самае галоўнае, каб у іх, як і ў мяне, палкамі не кідалі. Паверце, гэта галоўнае. І ніхто мяне не папракне ў тым, што я хачу, каб мае дзеці былі прэзідэнтамі. Іх ніхто не можа гэтага права пазбавіць, і я не змагу ўтрымаць, калі яны захочуць, але яны мне, калі я толькі скажу, асабліва старэйшы, кажуць, што ім хапіла прэзідэнцтва бацькі. І ў нас ніколі не было ў сям'і, каб мы селі і абмяркоўвалі гэтую праблему. Не было ніколі!» - адзначыў дыктатар.

«У мяне ж сын не прэм'ер-міністр, каб я сышоў, прэм'ер-міністр застаўся і выбары арганізаваў, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ён памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, ваенны чалавек, займаецца ваеннымі праблемамі, дадатковая крыніца і канал паступлення інфармацыі прэзідэнту - сын заўсёды скажа праўду. І ў нас ніколі не было таго, што «заўтра я пайду, ты застанешся" і гэтак далей. Я гэтага не хачу. Я аб гэтым шчыра і адкрыта ужо многім казаў».

Пра гульню на баяне

Лукашэнка носіць гадзіннік на правай руцэ з-за таго, што ў дзяцінстве вучыўся граць на баяне.

«Я нашу гадзіннік з дзіцячых гадоў. Я вучыўся ў музычнай школе па класе баяна, і калі носіш гадзіннік на левай руцэ, то ён перашкаджае. Практычна ўсе баяністы носяць гадзіннік на правай руцэ», - сказаў ён. Лукашэнка адзначыў, што пасля спрабаваў насіць гадзіннік на левай руцэ, але ўсё-такі не змог змяніць звычцы.

Дыктатар таксама з іроніяй паставіўся да здагадак аб тым, што ён носіць гадзіннік на правай руцэ, таму што пераймае звычку Уладзіміра Пуціна.

Пра Еўразвяз

Лукашэнка разлічвае на нармалізацыю адносін з Еўрапейскім звязам, нягледзячы на тое, што Захад не хоча бачыць ва ўладзе цяперашняе кіраўніцтва краіны.

«Вы (Еўразвяз) з намі выбудуеце адносіны толькі тады, калі тут не будзе Лукашэнкі, калі тут будзе зменены палітычны лад і калі тут будзе ўсё аддадзена на распродаж, пажадана Захаду. Паверце, у мяне дастаткова інфармацыі па гэтых пытаннях», - сказаў ён .

«Быццам бы аплот дэмакратыі (многія краіны і ў цэлым ЕЗ), такія дасведчаныя ў правах чалавека. Нас вы папракаеце ў парушэнні гэтых правоў. Але мы за апошні час не забілі ніводнага чалавека ні ўнутры, ні за межамі нашай краіны, парушыўшы правы чалавека . А вы, я маю на ўвазе ЕЗ, знішчаеце цэлыя дзяржавы. Што вам да Афганістана, Ірака, Лівіі, Сірыі і іншых дзяржаў. Хіба вы там лепш зрабілі? Вы ж загубілі там тысячы людзей! Якія ж гэта правы чалавека?» - падкрэсліў Лукашэнка.

На яго думку, ўмяшанне з боку ЕЗ ва ўнутраныя справы гэтых краін не дало станоўчых вынікаў. Таму калі палітыкі ЕЗ спрабуюць нас вучыць захаванню правоў чалавека, тут гэта выклікае поўнае абурэнне.

Лукашэнка нагадаў, што асабіста знаёмы з лідэрамі многіх краін, якія крытыкуюць ЕЗ: «Я стары палітык, я ў многія працэсы быў уцягнуты, тым больш мы падтрымлівалі добрыя адносіны з шэрагам краін, якія я называў. Я добра ведаю лідэраў гэтых краін. Напрыклад, Башара Асада... Калі б ён тут прысутнічаў і вы з ім пагаварылі, вы б сказалі, што ён інтэлігентны чалавек».

Лукашэнка расказаў, што асабіста пераканаўся ў падвойных стандартах і няшчырасці еўрапейскіх палітыкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады яны абяцалі «залатыя горы» ўзамен на выкананне асобных умоў. «Галоўны папрок - вы затрымалі людзей. Але мы іх слёзатачывым газам не атручвалі, як гэта робіцца ў некаторых еўрапейскіх краінах, гумовымі кулямі не расстрэльвалі, - сказаў кіраўнік. - У нас ніколі нават вадамёты не выкарыстоўвалі супраць незаконных дэманстрацый. У нас ніколі гэтага не было, але вы гэтага не хочаце бачыць».

Пра «шведскі дэсант»

Лукашэнка назваў «блазенствам» інцыдэнт з несанкцыянаваным палётам над Беларуссю шведскага лёгкаматорнага самалёта, які раскідаў плюшавыя цацкі над населенымі пунктамі рэспублікі.

«Гэта ж блазенства. Нельга так рабіць» - заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэты самалёт пракраўся ў паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Літвы і дадаў, што «гэта ж літоўцы дазволілі, ён уляцеў з літоўскага аэрадрома».

«Навошта Літве пасылаць сюды шведскі самалёт, каб скінуць нейкіх плюшавых медзведзянятаў? - паставіў пытанне Лукашэнка. - А калі б шарахнулі, што б тады ад гэтага самалёта засталося?» - спытаў ён.

«Мы ж суседзі. Тым больш, сёння Літва і Латвія кажуць, што не абыдуцца без Беларусі», - падкрэсліў Лукашэнка.

Пра Украіну

Лукашэнка заяўляе, што хацеў бы бачыць Украіну ўдзельніцай інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, адзначаючы, што Украіну на Захадзе ніхто не чакае.

«Мне здаецца, як я адчуў, ён (прэзідэнт Украіны В. Януковіч) разумее, што Украіна шмат губляе ад таго, што яна не ў эканамічным саюзе (з постсавецкімі краінамі)», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік перакананы, што «на Захадзе ні нас, ні вас (Украіну), ні Расею не чакаюць». «Куды ісці? Украіне Гасподзь загадаў быць разам», - сказаў дыктатар.

Лукашэнка таксама адзначыў, што Расея хоча нармальных адносін з Украінай. «Я гэта ведаю з першых вуснаў, і Расея вельмі заклапочаная тым, каб выбудаваць нармальныя адносіны з Украінай», - сказаў кіраўнік.

Пра санкцыі

Звяртаючыся да Лукашэнкі з пытаннем, галоўны рэдактар латвійскай газеты «Неаткарыга рыта авізе» Аніта Даукшце заўважыла, што, на яе думку, пазіцыя Латвіі па асобных пытаннях не супадае з меркаваннем Еўразвяза. Напрыклад, Латвія нібыта не падтрымлівае ўвядзенне эканамічных санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў.

У адказ на гэту заўвагу Лукашэнка сказаў: «Вы кажаце, што ў Латвіі адрозны курс ад Брусэля. Магчыма. Але ад гэтага нам не лягчэй, і карысці ад гэтага зусім не шмат. Латвія, Літва, Эстонія (што нас часта расчароўвае больш, чым пазіцыя іншых дзяржаў) ідуць у фарватэры брусельскага стандарту, які выпрацоўваецца людзьмі, далёкімі ад разумення тых працэсаў, якія адбываюцца не толькі ў нас, але і ў вас».

«Латвія ўсё ж галасуе за санкцыі, накіраваныя супраць Беларусі, а ў вялікай ступені - і супраць Латвіі, таму што ў нас з вамі вялікае эканамічнае супрацоўніцтва», - адзначыў Лукашэнка.

Ён лічыць, што еўрапейцы ў дачыненні да Беларусі ідуць зададзеным курсам, абраным калісьці даўно. «Мы выдатна разумеем сутнасць тых патрабаванняў, якія нам прад'яўляе ЕЗ, часам пад ціскам ЗША, часам самастойна. Цяпер мы больш з амерыканцамі хай не публічна, але размаўляем, разумеем адзін аднаго, а еўрапейцы ідуць зададзеным курсам. Альбо гэта інертнасць, альбо занадта шмат сваіх праблем і вам сёння не да Беларусі, вырашылі калісьці рухацца ў гэтым кірунку і рухаецеся», - заўважыў кіраўнік.

Лукашэнка разлічвае на сумленную, аб'ектыўную пазіцыю з боку Латвіі, без зададзенасці, наўмысна, прытрымлівання тым курсам, які пазначыў Брусель. «Я не думаю, што той курс, які вызначаны Бруселем, павінен свята выконвацца вамі, Латвіяй, што па духу і па літары гэты курс адпавядае чаканням латвійскага народа», - сказаў Лукашэнка.

Апошнія навіны