Фядыніч: Рабочыя самі павінны надзець «яжовыя рукавіцы»
- 13.12.2012, 17:57
Нельга перакладаць адказнасць за крах «мадэрнізацыі» дрэваапрацоўчай прамысловасці на рабочых, упэўнены лідар прафзвязу.
«Працоўныя ні ў чым не вінаватыя, яны не прычынілі ніякай шкоды. Калі быў план «мадэрнізацыі», то былі адказныя за яго людзі, працоўныя тут наогул ні пры чым», - заявіў сайту charter97.org старшыня прафзвяза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.
Паводле слоў эксперта, працоўныя павінны самі надзець «яжовыя рукавіцы» у стасунках з кіраўніцтвам:
«Сёння кіраўнік палохае рабочых дрэваапрацоўкі і я думаю, што гэта дрэнна скончыцца. Нельга на працоўных перакладаць адказнасць з кіраўніка прадпрыемства, які і павінен рабіць справаздачу за мадэрнізацыю. І працоўныя таксама разумеюць гэта. Калі з імі працаваць у жалезных рукавіцах, то ў якіх рукавіцах ім працаваць з кіраўніцтвам? Напэўна, у «яжовых».
Праз жорсткі кантроль працоўных аддача ад іх працы знікае, мяркуе Генадзь Фядыніч:
«На Захадзе ёсць правы звальнення з працы, а стаяць навыцяжку - гэта самае апошняе, што можа сёння прапанаваць наша кіраўніцтва. Калі ты стаіш навыцяжку, ты ўжо не думаеш пра тое, як ты павінен выконваць сваю працу. Ты павінен быць свабодны ў працы, тады будзе аддача. А сёння аддачы няма, а навыцяжку ж яе тым больш не будзе».
Нагадаем, наведваючы сёння «Магілёўдрэў», Лукашэнка заявіў, што супраць рабочых трэба дзейнічаць у «жалезных рукавіцах». Дыктатар запатрабаваў безумоўнага выканання дэкрэта «аб прыгоне» і прызнаў, што рабочых улада ўтрымлівае жывасілам. «Чаму? Таму што яны не далі рады заданням, прычынілі шкоду, калі хочаце», - растлумачыў ён.