BE RU EN

Расейская авіябаза ў Беларусі - надта дорага

  • 13.12.2012, 18:35

На пасяджэнні ў Маскве радай міністраў абароны краін СНД 11 снежня разглядаўся план супольных дзеянняў Аб'яднанай сістэмы СПА на 2013 год.

Кіраўнікі абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі заявілі, што далей за іншых чальцоў Садружнасці прасунуліся ў пытаннях супрацоўніцтва ў вайсковай сферы. Сярод іншага, у кулуарах журналістам нібыта ўдалося пачуць і пра неафіцыйную частку перамоваў: у адказ на актыўнасць блоку NATО ў краінах Балтыі на тэрыторыі Беларусі можа быць размешчаная расейская авіяцыйная база, нагадвае «Радыё Свабода».

Інтэрнэт-партал «Военно-политическое обозрение» са спасылкай на свае крыніцы піша, што з улікам актывізацыі войскаў NATО на тэрыторыі Літвы і Латвіі Узброеныя сілы Расейскай Федэрацыі мусяць рэагаваць адпаведным чынам. Адным са спосабаў дасягнуць вайсковага балансу можа быць размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы. Для гэтага, з аднаго боку, патрэбны высокі ўзровень узаемадзеяння паміж арміямі Беларусі і Расеі, а з іншага — наяўнасць рэгіянальнай групоўкі. Усе гэтыя перадумовы ёсць.

Аднак у Міністэрстве абароны Беларусі адмаўляюцца нешта казаць адносна падобнай перспектывы. У прэсавай службе ведамства абмяжоўваюцца адказам, што чутак не каментуюць, але пра размяшчэнне ў Беларусі расейскай авіябазы дагэтуль гаворка не вялася. У мэтазгоднасці такога кроку сумняюцца і эксперты. Расейская авіяцыя карыстаецца беларускімі ваеннымі аэрадромамі фактычна калі захоча, таму ствараць тут адмысловую базу — задорага.

Разам з тым адмыслоўцы не выключаюць, што размовы пра неабходнасць размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі выкліканыя сёлетнім інцыдэнтам, калі шведскі лёгкаматорны самалёт бесперашкодна перасек літоўска-беларускую паветраную мяжу, даляцеўшы да Менску. Такі дзіравы саюзны «шчыт», верагодна, турбуе Крэмль. Гаворыць генерал-маёр у адстаўцы, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў:

«Ня ведаю, ці можна такія размовы наўпрост звязваць з плюшавым дэсантам. Але каб арміі развівацца, расці, трэба знаходзіць праціўніка, абазначаць яго нейкім чынам, і пад гэтай маркай кудысьці рухацца. Вось так, не выключаю, і там нешта абазначалі. Тым больш, адносіны ў нас з Расеяй у ваенным плане нармальныя, а значыць, размовы ў падобным ключы цалкам магчымыя. Да таго ж у нас для размяшчэння ваеннай базы ёсць усе ўмовы. Шмат аэрадромаў было за савецкім часам. Гэтыя пляцоўкі няхай сабе ў запушчаным стане, але яны засталіся. Таму нейкіх сур’ёзных праблемаў я не бачу, калі такая неабходнасць — на стварэнне авіябазы — сапраўды паўстане. А размясціць яе можна, яшчэ раз кажу, без праблемаў».

У Беларусі ўжо функцыянуюць дзве расейскія ваенныя базы. Найперш гэта радыёлакацыйная станцыя «Волга», разгорнутая на плошчы ў 200 гектараў блізу Ганцавічаў на Берасцейшчыне. Сюды ваенны аб’ект перадыслакаваўся 10 гадоў таму — пасля таго як улады Латвіі адмовіліся ад расейскай прысутнасці ў Скрундзе (нягледзячы на тое, што арэнда прыносіла мільёны даляраў). Асноўныя функцыі — папярэджваць пра ракетны напад і сачыць за атамнымі падводнымі лодкамі NATО ў Атлантыцы і Нарвежскім моры. «Волга» ўваходзіць у склад расейскіх Касмічных войскаў і, калі казаць вайсковым слэнгам, замыкаецца на «ядзерны чамаданчык» прэзідэнта Расеі. Працу аб’екта забяспечваюць 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў і мясцовы цывільны персанал.

Па-другое, 43-ці вузел сувязі расейскага Ваенна-марскога флоту «Антэй» блізу Вілейкі на Меншчыне. Адрозна ад станцыі ў Ганцавічах, вілейская пачала працаваць яшчэ пры Саюзе, у сярэдзіне 1960-х. Ад таго часу сваю спецыялізацыю захавала — забеспячэнне наўпроставай сувязі Галоўнага штабу ВМФ Расеі з атамнымі падлодкамі расейскага флоту. Плошча пад «Антэй» утрая большая за базу ў Ганцавічах — 650 гектараў. Мяркуючы па ўсім, расейцы акапаліся тут надоўга, бо абяцаюць карэнную мадэрнізацыю станцыі. Аб’ект абслугоўваюць 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі, а таксама вольнанаёмныя беларусы, якія займаюцца ваенізаванай аховай.

Статус ваенных аб’ектаў Расеі на тэрыторыі Беларусі вызначаны міждзяржаўным пагадненнем, згодна з якім уся нерухомая маёмасць РЛС «Волга» і станцыі «Антэй», як і зямельныя надзелы пад імі, перададзеныя расейскаму боку ў доўгатэрміновае карыстанне тэрмінам на 25 гадоў без спагнання падаткаў і без аплаты арэнды землі. Гэтаксама Беларусь не бярэ плату за выкарыстанне каналаў сувязі.

У той жа час Масква падкрэслівае, што на парытэтнай аснове забяспечвае беларускіх партнёраў магчымасцю ладзіць вучэнні на сваёй тэрыторыі. Так, штогод бясплатна арганізуюцца ракетныя стрэльбы на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці, куды выязджаюць часткі супрацьпаветранай абароны Беларусі. Як лічаць расейскія генералы, такое мерапрыемства надзвычай затратнае і нават перакрывае кошт штогадовай арэнды абодвух аб’ектаў («Волга» і «Антэй»), які сумарна ацэньваецца ў 10 мільёнаў даляраў.

Апошнія навіны