BE RU EN

Марэк Буцько: Лукашэнка скончыць гэтак жа, як Ярузэльскі

  • 14.12.2012, 17:28

Апошнія новаўвядзенні беларускага кіраўніка даб'юць эканоміку краіны.

Былы першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску параўноўвае эканамічную палітыку Аляксандра Лукашэнкі c ваенным становішчам у Польшчы ў 1981 годзе.

«У Беларусі адбываецца тое ж самае, што было ў нас падчас ваеннага становішча. Лукашэнка спрабуе адміністрацыйнымі метадамі прымусіць людзей больш працаваць. Войцех Ярузэльскі выкарыстаў войска для таго, каб замяніць грамадзянскую адміністрацыю, Лукашэнка для гэтых мэтаў выкарыстоўвае дырэктараў і сваю вертыкаль. Эфект будзе такі ж. Тое, што людзей прымушаюць больш працаваць за невялікія грошы, не прывядзе ні да павышэння вытворчасці, ні да паляпшэння яе якасці», - заявіў Марэк Буцько у інтэрв'ю charter97.org.

Прычыны падобных рашэнняў, на яго думку, ляжаць у аднолькавых падыходах да метадаў рэгулявання эканомікі ў камуністычнай Польшчы і сучаснай Беларусі. Калі ў дэмакратычных краінах лічаць, што павінна быць «дзяржава для чалавека», то Лукашэнка лічыць, што, наадварот, павінен быць «чалавек для дзяржавы». Такі падыход палітык называе «непавагай да ўласнага народу».

«Як нашыя ваенныя на чале з Ярузэльскім, так і Лукашэнка лічаць, што для ўзняцця эканомікі трэба проста больш працаваць. Яны не разумеюць, што трэба павышаць якасць. Гэта камуністычны, а не рынкавы падыход да эканомікі. Лукашэнка гэтага ніколі не зразумее, таму што ён выхаваны на савецкай мадэлі. Як і Ярузельскі, ён проста не ў стане зразумець гэта.

Падчас ваеннага становішча падобныя меры ні да чаго не прывялі. Эканоміка наогул развалілася. Калі б не перамены, якія адбыліся ў 1989 годзе, адбыўся б поўны яе крах.

Тое, што Лукашэнка цяпер робіць, тое, што людзей прымушаюць прымусова працаваць, - следства камуністычнага падыходу да чалавека», - падкрэсліў Марэк Буцько.

Калі ўвядзенне ваеннага становішча і падоўжыла сваё існаванне старой сістэмы, то ненадоўга. Крызіс у эканоміцы прывёў да яе краху. Тое ж самае, па словах палітыка, чакае і беларускі рэжым.

«Калі б улады не ўвялі ваеннае становішча, сістэма б абвалілася яшчэ ў 1981 годзе. Таму, можна сказаць, што палітычную сістэму ваеннае становішча на нейкі час выратавала, аднак эканоміку краіны і ўзровень жыцця людзей такімі мерамі захаваць не ўдалося. Яны падалі яшчэ хутчэй.

Таксама, як і ў Беларусі, у Польшчы не было магчымасці пратэсту, дэманстрацыі падаўляліся. Толькі ў канцы 80-ых гадоў спецслужбы і кіраўніцтва камуністычнай Польшчы прыйшлі да высновы, што сітуацыя пагаршаецца, а адзінае выратаванне - перамены.

Думаю, што і ў Беларусі ўсё будзе адбывацца па такім жа шляху. Развалу эканомікі падобнымі мерамі не спыніць. Гэта будзе адбівацца на ўзроўні жыцця людзей», - адзначыў Марэк Буцько.

Галоўную ролю ў барацьбе палякаў за свабоду палiтык адвёў незалежным СМІ і каталіцкаму касцёлу. Ён адзначыў, што падчас ваеннага становішча актыўна змагалася з рэжымам параўнальна невялікая частка грамадства, якая займала актыўную грамадзянскую пазіцыю.

«Вельмі важную ролю ў барацьбе за свабоду гулялі незалежныя СМІ, якія вяшчалі з-за мяжы, а таксама каталіцкі касцёл і наяўнасць прыватнай уласнасці на зямлю. Тады не было магчымасці незалежнага тэлевяшчання - цяпер у беларусаў ёсць «Белсат», тады не было Інтэрнэту - цяпер ёсць charter97.org і іншыя сайты. Таму пры ўсіх адрозненнях паміж Польшчай і Беларуссю сёння ў беларусаў ёсць больш магчымасцей у барацьбе за свабоду, чым тады ў палякаў», - заявіў Марэк Буцько.

Апошнія навіны