S&P пацвердзіла рэйтынг Менска на ўзроўні «В-»
- 17.12.2012, 17:23
Служба крэдытных рэйтынгаў Standard&Poor's пацвердзіла доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг эмітэнта «В-» горада Менска са «стабільным» прагнозам.
«Рэйтынг Менска адлюстроўвае наша меркаванне аб вельмі абмежаванай прадказальнасці і гнуткасці бюджэту, значных патрэбах ў развіцці інфраструктуры і высокіх умоўных абавязацельствах горада. Фактарамі, якія пазітыўна ўплываюць на крэдытаздольнасць, з'яўляюцца нізкая пазыковая нагрузка, вельмі высокія бягучыя паказчыкі выканання бюджэту і статус Менска як найбуйнейшага адміністрацыйнага, фінансавага і камерцыйнага цэнтра Беларусі», - адзначаецца ў прэс-рэлізе S&P.
Узровень пазыкі горада застаецца нізкім, а аб'ём рэшткаў сродкаў бюджэту на рахунках з запасам пакрывае расходы на яго абслугоўванне і пагашэнне ў бліжэйшыя 12 месяцаў, падкрэсліваюць эксперты агенцтва.
У прэс-рэлізе таксама сказана, што рэйтынг Менска «В-» абмежаваны ўзроўнем суверэннага крэдытнага рэйтынгу Беларусі па абавязацельствах у замежнай валюце.
Між тым, у паведамленні адзначана, што індыкатыўны ўзровень крэдытаздольнасці (не з'яўляецца рэйтынгам) Менску вызначаны на ўзроўні «b+».
«Паколькі індыкатыўны ўзровень крэдытаздольнасці вызначаны на ўзроўні «b+», а крэдытны рэйтынг «В-» абмежаваны ўзроўнем суверэннага крэдытнага рэйтынгу, мы ў цяперашні час не бачым рэалістычнага сцэнара, пры якім індыкатыўны ўзровень крэдытаздольнасці горада Менска панізіцца на тры прыступкі і стане ніжэй за ўзровень суверэннага рэйтынгу. Такім чынам, у межах гарызонту нашага прагназавання рэйтынг Менска можа быць паніжаны ў выніку паніжэння суверэннага рэйтынгу, а не ў выніку зніжэння індыкатыўнага ўзроўню крэдытаздольнасці», - адзначаецца ў прэс-рэлізе.