Дашкевіч і Лобаў: два гады за кратамі
- 18.12.2012, 10:06
Сёння лідэр «Маладога фронту» павінен быў выйсці на волю.
Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Менску ўвечары 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.
Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкама, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збілі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.
24 сакавіка 2011 года Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў - да 4 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша «Наша Нiва».
«Міжнародная амністыя» прызнала Дашкевіча і Лобава вязнямі сумлення.
Эдуард Лобаў знаходзіцца ў калоніі № 22 у Івацэвічах.
Зміцеру Дашкевічу некалькі разоў мянялі месца знаходжання, а сам малады чалавек неаднаразова падвяргаўся ціску ў калоніі. Першапачаткова лідэр «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць).
Сёння Зміцер Дашкевіч павінен быў выйсці на волю, але 28 жніўня 2012 года Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі і прысудзіў яго дадаткова да года пазбаўлення волі.
У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе. Зміцер Дашкевіч некаторы час утрымліваўся ў Мазыры, а затым быў пераведзены ў Гродзенскую турму.