Reuters: Лукашэнка прыкаваў рабочых-уцекачоў за мяжу да працоўных месцаў
- 2.12.2012, 12:52
Забаронай на звальненне ўлады спрабуюць спыніць працоўную міграцыю.
У спробе спыніць адток працоўнай сілы з Беларусі па вышэйшыя заробкі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню звярнуўся да забароны на звальненне, якая зачапіла работнікаў адной з асноўных галін - дрэваапрацоўкі, піша агенцтва Reuters.
Працоўная эміграцыя з 9,5-мільённай Беларусі павялічылася ў мінулым годзе і, паводле экспертных ацэнак, дасягнула мільёна чалавек на фоне найцяжэйшага за апошняе дзесяцігоддзе фінансавага крызісу, што абрынуў беларускі рубель на 65%. Яго каталізатарам сталі шчодрыя перадвыбарчыя абяцанні Лукашэнкі пра рост заробкаў, што спустошылі бюджэт.
У пятніцу правадыр наведаў дрэваапрацоўчае прадпрыемства Барысаўдрэў, дзе абвясціў вайну дэзерцірам працоўнага фронту.
«Катэгарычна забараніць усякія звальненні з заўтрашняга дня - 1 снежня. Звольніўся - на прымусовыя работы і сюды ж працаваць», - цытуе Лукашэнку дзяржінфармагенцтва БелТА.
«Падрыхтуйце дэкрэт. Да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца без дазволу кіраўніка».
Эканоміка 9,5-мільённай Беларусі пабудаваная на дзяржаўным рэгуляванні і абапіраецца на танныя энерганосьбіты і крэдыты палітычнага хаўрусніка Расеі. Менск завінаваціўся замежным крэдыторам 12 міліярдаў даляраў, у кастрычніку МВФ зноў адмовіў яму ва ўзнаўленні крэдытаў, паставіўшы ўмовай старт ліберальных рэформаў у эканоміцы.
У пошуках сродкаў для выплаты 3 мільярдаў даляраў у наступным годзе Беларусь адправіла эмісараў у Ганконг і Сінгапур у спробе распаліць цікавасць да сваіх дзяржаўных папер у інвестараў Азіі.