Пуцін і Лукашэнка ні пра што не дамовіліся?
- 20.12.2012, 17:28
Беларускія эксперты пракаментавалі ўчорашнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі.
«Я не думаю, што Лукашэнка пра нешта дамовіўся з Пуціным па пастаўках нафты ў 2013 годзе на ўчорашніх перамовах у Маскве», - заявіла ў інтэрв'ю сайту charter97.org эканамічны аглядальнік Таццяна Манянок.
Па словах эксперта, у Беларусі не атрымліваецца дамовіцца па пастаўках расейскай нафты ў тым ліку і з-за «растваральнікавага» бізнесу ў гэтым годзе і з-за недапаставак бензіну на расейскі рынак:
«Беларускі бок разлічвае на 23 мільёны тон. Пакуль бакі, мабыць, працягнуць перамовы. З улікам рэканструкцыі НПЗ і таго, што бюджэтныя паказчыкі на 2013 год сфарміраваныя зыходзячы з імпарту расейскай нафты ў аб'ёме 23 мільёна тон, пастаўкі ў такім аб'ёме найбольш пажаданыя.
Аднак улічваючы некаторыя праблемы ў адносінах Беларусі і Расеі, калі Беларусь не змагла выканаць умовы балансу па пастаўках нафтапрадуктаў на расейскі рынак, а таксама датычна пытання з экспартам «растваральнікаў», пакуль не ўдаецца ўзгадніць пастаўкі расейскай нафты на будучы год».
«Я думаю, што перамовы па гэтым пытанні будуць працягвацца і нейкі кампраміс будзе дасягнуты», - падсумавала эксперт.
Нагадаем, нядаўна прэс-служба кіраўніка паведаміла, што 19 снежня ў ходзе двухбаковых перамоваў у Маскве Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, у тым ліку фарміраванне балансу нафты і нафтапрадуктаў у 2013 годзе.