BE RU EN

ААН прызнала арышт Алеся Бяляцкага «самавольным»

  • 21.12.2012, 16:41

Рабочая група ААН па самавольных затрыманнях (WGAD) заключыла, што арышт кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, самавольны.

Заключэнне праваабаронцы «супярэчыць артыкулу 20, параграф 1, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах». WGAD падкрэсліла, што «выхадам з сітуацыі з'яўляецца вызваленне сп-ра Бяляцкага і прадастаўленне яму законнага права на кампенсацыю».

Рашэнне Рабочай групы ААН прынята па выніках паведамлення, адпраўленага Абсерваторыяй па абароне правоў праваабаронцаў WGAD 2 красавіка 2012 года і аспрэчвае законнасць заключэння Бяляцкага. Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў - сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай Арганізацыі супраць катаванняў (OMCT).

У сваім рашэнні Рабочая група ААН па самавольных затрыманнях падкрэсліла, што «як паказвае крыніца паведамлення, цэнтральнай у гэтай справе з'яўляецца заява сп-ра Бяляцкага аб тым, што сродкі, атрыманыя на замежны банкаўскі рахунак, былі часткай сістэмы фінансавання няўрадавай арганізацыі «Вясна», якой урад адмовіў у рэгістрацыі і якую ён спрабаваў распусціць». Як адзначыла Рабочая група, «крымінальная адказнасць не можа паходзіць з першаснага рашэння ўрада адмовіць НДА «Вясна» ў рэгістрацыі і спробы распусціць яе, што само з'яўлялася парушэннем артыкула 20, параграфа 1, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Далей Рабочая група ААН па самавольных затрыманнях падкрэсліла, што «крымінальнае заканадаўства Беларусі, прымяненае ў справе г-на Бяляцкага, не ўключае праваабарончую дзейнасць у спіс заняткаў, якія падлягаюць вызваленню ад падаткаў», у той час як дзяржавы-ўдзельніцы Пакта маюць «не толькі негатыўныя абавязацельствы не ўмешвацца ў стварэнне асацыяцый або іх дзейнасць, але і пазітыўныя абавязацельствы па прыняцці мер [...] для спрыяння працы асацыяцый дзякуючы дзяржаўнаму фінансаванню або вызваленні ад падаткаў сродкаў, што атрымліваюцца з-за мяжы».

Рабочая група таксама заявіла што «пошук крыніц фінансавання, зроблены сп-м Бяляцкім, каб забяспечыць само існаванне і працяг дзейнасці «Вясны» знаходзіцца ў адпаведнасці з [...] артыкулам 20, параграф 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах» і заключыла, што «палажэнні крымінальнага заканадаўства, якія прымяняюцца ў справе сп-ра Бяляцкага, не ўлічвалі вышэйзгаданыя міжнародныя стандарты» і што, адпаведна, Беларусь парушыла свае міжнародныя абавязацельствы.

Такім чынам, Рабочая група ААН па самавольных затрыманнях пастанавіла, што заключэнне Бяляцкага было самавольным і з'явілася вынікам ажыццяўлення ім універсальна прызнаных правоў чалавека, а адпаведна, што яно падпадае пад катэгорыю II самавольных заключэнняў, у адпаведнасці з тыпалогіяй, прынятай Рабочай групай (калі пазбаўленне волі становіцца вынікам ажыццяўлення правоў і свабод, гарантаваных артыкуламі 7, 13, 14, 18, 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкуламі 12, 18, 19, 21, 22, 25, 26 і 27 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Рабочая група ААН па самавольных затрыманнях дадала, што «ў выпадку паведамленняў аб парушэнні правоў чалавека [...], у тым ліку праследаваннях [...], унутраныя ўлады абавязаныя правесці расследаванне, і следства павінна быць незалежным, як на інстытуцыянальным узроўні, так і на практыцы, і хуткім». Група падкрэсліла, што «ў дадзеным выпадку не было зроблена ніякіх мер для правядзення падобнага расследавання».

«Рашэнне Рабочай групы ААН - гэта знакавая перамога, так як яно прызнае, што заключэнне Алеся Бяляцкага самавольна з пункту гледжання міжнароднага права, і падкрэслівае права на фінансаванне незалежных НДА», - заявіла сёння прэзідэнт FIDH Суэр Бэлхасэн. «Алесь Бяляцкі павінен быць неадкладна вызвалены, і ганенні супраць «Вясны» і іншых праваабаронцаў павінны быць спыненыя», - дадала яна.

На думку генеральнага сакратара ОMCT Джэральда Стэйбрака, «неабходна дамагацца, каб гэтае рашэнне прывяло да паляпшэння сітуацыі праваабаронцаў і НДА ў Беларусі і ў іншых краінах».

У жніўні 2011 года Алесь Бяляцкі быў арыштаваны і абвінавачаны ва «ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры» па арт. 243, ч. 2 Крымінальнага Кодэкса Беларусі. 24 лістапада, пасля амаль 4 месяцаў папярэдняга зняволення, суд прысудзіў яго да 4,5 гадоў калоніі строгага рэжыму, канфіскацыі маёмасці - у тым ліку памяшкання, выкарыстоўванага пад офіс «Вясны» - і штрафу ў 757.526.717 беларускіх рублёў (прыблізна 70.000 еўра) . 24 студзеня 2012 года Менскі гарадскі суд пацвердзіў прысуд. 29 сакавіка 2012 года той жа суд прыняў новае рашэнне, прысудзіўшы яго выплаціць яшчэ 140.366.151 рублёў (каля 12.700 еўра) у дадатак да ўжо выплачанага ў студзені 2012 года штрафу.

Пры прыняцці гэтага рашэння Рабочая група ААН кіравалася паведамленнем, атрыманым ад Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў, а таксама адказам Рэспублікі Беларусь, у якім сцвярджалася, што заключэнне і прысуд Бяляцкаму з'яўляюцца законнымі, адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і не парушаюць міжнародныя абавязацельствы краіны. Яна таксама ўлічыла паведамленне N.1296/2004 Камітэта ААН па правах чалавека, у якім гаворыцца, што закрыццё «Вясны» парушае свабоду асацыяцыі, якая гарантуецца артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Група таксама працытавала спецдакладчыка ААН па праваабаронцах Маргарэт Секаджыя, якая згадала гэтую справу ў сваім дакладзе ад 24 лютага 2010 года, і даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (датаваны 10 красавіка 2012 года), які палічыў, што ціск на Праваабарончы цэнтр «Вясна» і яго прэзідэнта з'яўляюцца парушэннем артыкула 22 Пакту.

Рашэнне Рабочай групы ААН па самавольных затрыманнях заснавана на міжнародным праве і было вынесена міжнародным наглядальным органам, які складаецца з незалежных экспертаў, па выніках спаборніцкай працэдуры з уцягваннем Рэспублікі Беларусь. Гэтая рэзалюцыя паслужыць асновай для далейшых крокаў да вызвалення Алеся Бяляцкага.

Апошнія навіны