Палітвязень Францкевіч зноў у карцэры
- 25.12.2012, 20:59
Аляксандр Францкевіч трэці раз за год трапіў у штрафны ізалятар.
Пра гэта паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч. Паводле ейных слоў, Аляксандр Францкевіч быў змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 дзён за адмову выконваць распараджэнне адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі аб прыбіранні тэрыторыі. Такая праца сярод зняволеных уважаецца за абразлівую. Першы раз Аляксандр патрапіў у штрафны ізалятар у жніўні гэтага года з той жа прычыны. Другі раз - у лістападзе за адмову ад наведвання рэжымнага мерапрыемства, паведамляе «Радыё Рацыя».
Маці палітвязня, Таццяна Францкевіч звязвае ціск на ейнага сына са спробай з боку адміністрацыі калоніі зламаць маральны дух Аляксандра. Яна хвалюецца, што яго змяшчэнне ў штрафны ізалятар можа негатыўна адбіцца на здароўі, бо ў яго адна нырка.
У траўні мінулага года Аляксандр Францкевіч быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў «падпале шэрагу дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама». На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму «Воўчыя норы». Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.