Студэнтаў збіраюцца выгнаць з інтэрнатаў напярэдадні ЧС па хакеі
- 27.12.2012, 17:59
Беларускія ўлады плануюць за месяц да пачатку чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе выселіць студэнтаў з інтэрнатаў з тым, каб рассяліць патэнцыйных заўзятараў і турыстаў.
Гэта запатрабуе скарачэння навучальнага года.
«Студэнты выедуць з інтэрнатаў, якія плануецца выкарыстаць для пражывання турыстаў, за месяц да пачатку чэмпіянату свету. Таму, для падрыхтоўкі да ЧС, плануецца завяршыць навучальны год на месяц раней - гэтае пытанне ўжо абмеркаванае з міністэрствам адукацыі», - заявіў на прэс-канферэнцыі старшыня Беларускай федэрацыі хакея Яўген Ворсін, якога цытуе Interfax.by.
Паводле яго слоў, «праводзіцца сур'ёзная праца па карэкціроўцы навучальных планаў - каб студэнты нічога не страцілі».
Навучальны год у беларускіх ВНУ заканчваецца ў канцы чэрвеня (уключаючы летнюю сэсію). ЧС па хакеі пройдзе ў 1-ай палове траўня. Такім чынам навучальны год дзеля высялення студэнтаў з інтэрнатаў за месяц да пачатку прыйдзецца скончыць у канцы сакавіка або на 3 месяцы раней.
Мяркуючы па ўсім, па заканчэнні ЧС улады ўсё-такі плануюць вярнуць студэнтаў у аўдыторыі.
«Можа, пасля заканчэння чэмпіянату яны зноў заедуць (рэд. - у інтэрнаты)», - не выключыў Ворсін.
Пры такім раскладзе, прапушчаныя 2 вясновых месяца навучання плюс летняя сесія расцягнуцца як мінімум да канца ліпеня, што фактычна сціскае летнія канікулы да 1-га месяца.
Кіраўнік БФХ паведаміў, што ў студэнцкай вёсцы, якая будуецца ў Менску, плануецца размясціць 8,8 тыс замежных турыстаў, у 11 інтэрнатах менскіх ВНУ - яшчэ 9 тыс. чалавек.
Нагадаем, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Менску пад вялікім пытаннем. Праваабарончыя арганізацыі, беларуская апазіцыя і шматлікія заходнія палітыкі, у тым ліку еўрапейскія і амерыканскія парламентарыі, выступаюць супраць правядзення ЧС па хакеі ў Менску з-за рэпрэсій і наяўнасці палітвязняў у Беларусі. У выпадку яго правядзення шэраг хакейных дзяржаў можа байкатаваць мерапрыемства.