Сведку ў справе Васільева пагражалі кінуць у «прэс-хату»
- 29.12.2012, 13:42
Падчас 10-гадзіннага допыту ў КДБ сведку ў справе намесніка Ладуцькі пагражалі «дубінкай па нырках» і расцяжкай.
У Менскім абласным судзе доўжыцца працэс над былым першым намеснікам старшыні Менгарвыканкама Ігарам Васільевым, якога абвінавачваюць у хабарніцтве ў суме паўмільёна даляраў, паведамляе «Радыё Свабода».
Сёння ў суд быў выкліканы сведка ў гэтай справе Смятанін Ігар. Ён былы бізнэсовец, цяпер вайсковы пенсіянер, знае Васільева больш за 10 гадоў. Смятанін таксама знаёмы з Васілём Ананьевым, які пад кантролем КДБ 6 ліпеня прынёс у гарвыканкам хабар і перадаў яго Васільеву.
Падчас адказаў на пытанні суддзі і адваката Смятанін заявіў, што Васільеў ніколі не патрабаваў ад чэшскіх фірм 500 тысяч долараў за ўкладанне інвестыцыйнага кантракта на будаўніцтва ў Менску смеццеперапрацоўчага прадпрыемства і не дасылаў ім адпаведнага электроннага ліста.
Сведка таксама зрабіў заяву, што на працягу ўсяго следства на яго чыніўся ціск з боку супрацоўнікаў КДБ. Ён адзначыў, што ягоны допыт у КДБ трываў 10 гадзін.
«Мне была абяцаная і дубінка па нырках, і расцяжка, і ўсё такое», - сказаў Смятанін. Таму сведка не ўсё памятае з таго, што ён казаў на допыце, і таму ўзніклі пэўныя супярэчнасці.
На пытанне пракурора, чаму раней Смятанін казаў, што Васільеў нічога не ведаў пра 500 тысяч, а ў сведчаннях заявіў, што, магчыма, і распавядаў, ён адказаў, што на яго ціснулі ў КДБ. Аднак Смятанін прызнаў, што нікуды з скаргамі не звяртаўся.
Са слоў сведкі, начальнік аддзела КДБ пагражаў яму «кінуць яго ў прэс-хату».
«Мяне з дому забралі тры супрацоўнікі, прывезлі ў КДБ і там на працягу 10 гадзін дапытвалі. Казалі: «Ой, глядзіце, ваш статус з сведкі можа быць зменены на іншы», - распавёў Смятанін.
Нагадаем, згодна з абвінавачваннем, намеснік старшыні Менгарвыканкама Ігар Васільеў вымагаў хабар у суме $ 500 тыс. у прадстаўнікоў кансорцыума чэшскіх фірмаў за спрыяльнае развязанне пытання, якое ўваходзіць у ягоную кампетэнцыю. Гаворка ішла аб укладанні інвестыцыйнага кантракта на будаўніцтва ў Менску смеццеперапрацоўчага прадпрыемствы з выкарыстаннем плазмавага рэактара магутнасцю не менш як 50 тыс. т у год. Агульная вартасць праекта складала больш як $ 30 млн.
Пры гэтым чэшская старана не выканала свае абавязанні ў тэрмін. Менгарвыканкам мог скасаваць з ёй дамову ў аднастароннім парадку альбо перагледзець яго ўмовы. За спрыяльнае для інвестараў развязанне пытання Васільеў і вымагаў грошы, сцвярджае абвінавачванне. Ён абяцаў дамагчыся перагляду пагаднення, каб інвестары маглі выканаць праект у больш позні тэрмін.
Згодна з пастаўленай Ігарам Васільевым умове, перадача грашовых сродкаў павінна была ажыццяўляцца дзвюма роўнымі часткамі па $ 250 тыс. Пры гэтым былы першы намеснік старшыні адмовіўся ад прапанаванага рахунку ў банку на ягонае імя, куды б пералічылі патрабаваную суму, і пажадаў атрымаць грошы ратамі гатоўкай.
Ігар Васільеў быў затрыманы 6 ліпеня супрацоўнікамі КДБ у службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару ў суме $ 250 тыс. На падставе атрыманых матэрыялаў у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа. У часе допыту, як паведамлялі тады ў КДБ, Васільеў сваю віну прызнаў цалкам. Аднак ужо на судзе ён адмовіўся прызнаваць віну.