Дзядка адправілі ў «крытку»
- 4.12.2012, 12:09
Суд прыняў рашэнне зрабіць палітвязню больш жорсткімі ўмовы ўтрымання.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка:
«Суд прыняў рашэнне накіраваць майго сына ў турму крытага тыпу, але абставінаў я не ведаю».
Сёння вечарам Аляксандру Дзядку павінен патэлефанаваць адвакат яго сына, які і павінен паведаміць падрабязнасці судовага пасяджэння.
Нагадаем, прычынай, па якой Мікалая Дзядка адправілі ў «крытку», стала прызнанне яго «злосным парушальнікам рэжыму». Раней у турмы былі адпраўленыя палітвязні Зміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч і Яўген Васьковіч з-за таго, што былі прызнаныя «злоснымі парушальнікамі».
Мікалай Дзядок быў асуджаны па справе анархістаў разам з Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка» і нападзе на расейскую амбасаду.