Палітвязень Дзядок можа атрымаць яшчэ адзін тэрмін
- 5.12.2012, 9:49
Пра гэта сказаў былы адвакат Павел Сапелка.
У інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» ён канстатуе, што беларускія палітвязні раптам атрымалі статус «заўзятых парушальнікаў парадку адбывання пакарання». «Але я больш чым упэўнены, што яны адбываюць сваё пакаранне не менш законапаслухмяна, чым усе астатнія», - сцвярджае юрыст.
«Кожны раз, калі каго-небудзь з палітвязняў адпраўляюць у турму, я кажу, што яны на крок набліжаюцца да таго, каб быць асуджанымі яшчэ і па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса і атрымаць дадатковыя тэрміны да тых, што маюць», - дадае Павал Сапелка.
Нагадаем, учора стала вядома, што асуджанага на чатыры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у акцыях анархістаў Мікалая Дзядка перавядуць з калоніі ў турму. Такое рашэнне прынялі 4 снежня на выязным пасяджэнні суда ў Шклоўскай калоніі № 17.
Раней у лістах, Мікалай Дзядок паведаміў, што згодна з пастановай камісіі, якая засядала ў калоніі, ён «не стаў на шлях выпраўлення і працягвае згубна ўплываць» на іншых зняволеных. У сувязі з гэтым камісія пастанавіла накіраваць справу Дзядка ў суд, які павінен быў вырашыць пытанне пераводу зняволенага ў турму строгага рэжыму.