Хто стаіць за фіналістамі «Еўрабачання»?
- 7.12.2012, 11:26
У пятніцу стане вядома, хто прадставіць Беларусь у траўні на конкурсе ў Швецыі.
Фіналістаў адборачнага тура ў гэтым годзе адразу 10. Сярод іх як ветэраны адбору, так і пачаткоўцы. І ўсё 10 у адзін голас заяўляюць, што зноў будуць здзіўляць! Прычым за свае грошы - у гэтым годзе дзяржава не аплачвае артыстам ні падрыхтоўку да фіналу адбору, ні паездку на сам конкурс. А «Еўрабачанне», як ведаем, шоў не з танных. Памятаецца, у 2009 годзе ўкраінцы Святлане Лабадзе давялося закладваць уласную кватэру ў Кіеве, каб зрабіць годны нумар для конкурсу.
Напярэдадні шоу «Комсомольская правда в Беларуси» вырашыла даведацца, на якія ахвяры ідуць беларускія артысты, колькі выдаткавалі грошай на падрыхтоўку да фіналу, колькі гатовыя выдаткаваць на сам конкурс і хто стаіць за фіналістамі?
За Алёнай Ланской, Дарыяй і Аляксеем Гросам - прадзюсер Зміцер Баранаў і бізнесмен Аляксандр Шакуцін
Алена Ланская робіць трэцюю спробу патрапіць на «Еўрабачанне». У яе па-ранейшаму вераць Шакуцін (фота ўверсе) і Баранаў (фота ўнізе)..
На «Еўрабачанні» Баранаў працаваў прадзюсарам ужо тройчы. Гэта ён дапамагаў Калдуну ў Фінляндыі і разліваў ў 2009 годзе гарэлку ў Маскве з бутэлек з тварам Ялфімава. Але тэлегледачы імя Баранава даведаліся толькі ў гэтым годзе, калі на фінале «Еўрафэсту» прадзюсер падкруціў галасы ў карысць Ланской. З БТ Баранава звольнілі, а з нядаўніх часоў ён генеральны дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», які ў свой час стварыў бізнэсмэн Аляксандр Шакуцін.
Яшчэ адны вучні «Спамаш» Дарыя і Аляксей Грос - дэбютанты гэтага года.
«Спамаш» вылучыў на «Еўрабачанне» адразу траіх. Колькі грошай выдаткавана на іх падрыхтоўку, Баранаў не прызнаецца. Па чутках, толькі беларускаму кампазітару Леаніду Шырыну за конкурсныя песні Дарыі і Ланской заплацілі каля $10 000. Плюс каля 20 000 еўра аддалі бельгійскаму кампазітару Марку Пэлінгу (працуе з Джэніфер Лопес) за песню для Аляксея Гроса. Немалых, трэба меркаваць, грошай каштуе праца стылістаў, харэографаў і выкладчыкаў па англійскай. І гэта выдаткі толькі на фінал адбору...
За Станіславам Сацурай - прадзюсар Вольга Зіновая і спявачка Іна Афанасьева
30-гадовага Стаса Сацуру падтрымліваюць Афанасьева (фота ўверсе) і Зіновая (фота ўнізе).
Каля пяці гадоў Зіновая была дырэктарам Моладзевага тэатра эстрады, потым яшчэ «пяцігодку» апекавала спявачку Гюнеш. З ёй Гюнеш тры гады таму са скандалам разлучыліся. Нейкі час Зіновая працавала ў «Спамаш» з Аляксеем Гросам. Гэта, дарэчы, з яе падачы ён стаў другім на паўфінале «Новай хвалі» у Маскве. Цяпер Зіновая курыруе інтарэсы Сацуры на адборы.
Падрыхтоўка да фіналу абышлася Стасу ў капейкі - песню напісаў сам, балет пазычыла Афанасьева, а вакал ставіць Стасу тата, музычны кіраўнік «Сяброў» Мікалай Сацура. На паездку ў Швецыю Стас гатовы выдаткаваць каля $10 000. Гэта асабістыя грошы Стаса, заробленыя на канцэртах у Маскве.
За Юзары - харэограф Ксюшы Сітнік і дзяўчына з БТ
Для Юзары Вольга Шамрова - і харэограф, і прадзюсар, і блізкі сябар.
Песню Юзары напісаў для сябе сам. Самастойна рабіў і яе мастэрынг у студыі. На ўсё астатняе ў Юзары сышло толькі $1000. Як кажа спявак, у яго ўсё пабудавана на сяброўскіх, бязвыплатных узаемаадносінах. З піярам яму дапамагае дзяўчына з прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, а нумар ставіць харэограф Вольга Шамрова, вядомая па сваіх пастановак для Ксюшы Сітнік, Гюнеш, Афанасьевай. Як кажа Юзары, вялікія грошы і спонсараў ён будзе шукаць толькі ў выпадку сваёй перамогі ў адборы.
За Віталём Варанко - прадзюсер Уладзімір Кубышкін
Віталя Варанко прадзюсар Кубышкін знайшоў у мінулым годзе на праекце ОНТ «Акадэмія талентаў».
Кубышкін вядомы перш за ўсё сваімі вучнямі. Яго артыстка Аня Шаркунова сёння адна з самых запатрабаваных і папулярных спявачак Беларусі. Зрабіў зорку Кубышкін і з маладога спевака, цяпер тэлевядучага ОНТ Германа.
З маладым баяністам Варанко Кубышкін працуе каля года. І на падрыхтоўку да конкурсу ўжо спусціў $5000 сваіх крэўных. У выпадку перамогі на адборы прыйдзецца выдаткаваць яшчэ столькі ж, не больш.
- Грошы патрэбныя, калі няма крэатыву, - лічыць прадзюсер. - Хіба што могуць спатрэбіцца новы касцюм, новая аранжыроўка і выкладчык па англійскай. Думаю, яшчэ ў $5000 укладземся.
За Максам Лорэнсам - прадзюсер Валерый Шоман
Максу Лорэнсу прадзюсар Шоман аплаціў нават рэкламу ў менскім метро - цяпер там круцяць яго песню і заклікаюць галасаваць за яе.
У Гомелі ў Шомана ёсць свая гуказапісвальная «Студыя 7», у якой пісалася некалі папулярная песня Сярогі «Чорны бумер». Таксама Валерый быў першым, хто правёў адборачны тур «Новай хвалі» ў Беларусі ў 2007 годзе.
З Лорэнсам Шоман працуе больш 10 гадоў. Гэта ён дапамог у 2003 годзе ўзяць Максу Гран-пры на «Славянскім базары» ў Віцебску. Да «Еўрабачання» разам з Шоманам Лорэнса рыхтуюць яшчэ дзве прадзюсерскія гуказапісвальныя кампаніі. Якія менавіта, прадзюсар не прызнаецца. Вядома толькі, што адна маскоўская, а другая - з Берліна. На падрыхтоўку Лорэнса яны ўжо выдаткавалі $50 000. Як кажа прадзюсер, калі Макс атрымае пуцёўку на «Еўрабачанне», не пашкадуюць і 1 000 000 еўра.
А ХТО БЕЗ ПРАДЗЮСАРА?
Гурт «Нутэкі»
«Нутэкі» родам з Бабруйска, але пяць гадоў таму музыкі пераехалі ў Маскву. «Еўрабачанне» штурмуюць з другой спробы
Музыкі толькі вярнуліся з гастроляў па Еўропе. За запіс песні ў студыі і яе аранжыроўку аддалі $3000. З улікам таго, што музыкі самі сабе і прадзюсары, і кампазітары, і рэжысёры, на Швецыю, кажуць, ім цалкам хопіць $10 000. Усе грошы - ад прыбытку на канцэртах.
Ян Жэнчак
У мінулым годзе на адборы Женчак ужо вельмі спадабаўся экс-міністру культуры Паўлу Латушке. Але ў фінал адбору тады яго не пусцілі
Ян аджартоўваецца: усе яго выдаткі на адбор - гэта абеды ў сталовай. На ўсё астатняе ў спевака сышло ўсяго 500 даляраў.
- Калі ў артыста вялікіх грошай няма, як у мяне, то. думаю, спонсары знойдуцца самі. Я думаю, $100 000 нам для Швецыі хопіць, - лічыць Ян Жэнчак.
«Бэвер Бэнд»
Саліст «Бэнда» - выкладчык музыкі ў адной з менскіх гімназій.
Як прызнаецца саліст гурта Сяргей Бабровіч, яны новаспечаны калектыў і ўсіх правілаў шоў-бізнэсу да канца яшчэ не ведаюць. Але да фіналу адбору на «Еўрабачанне" рыхтуюцца грунтоўна, і $1000 са сваёй асабістай кішэні кожны ўдзельнік гурта ўжо выдаткаваў. А вось для паездкі ў траўні ў шведскі Мальме гэтую суму, Бабровіч лічыць, трэба павялічыць у 10 разоў - да $10 000 (праўда, не з аднаго, а на ўсіх).
- Хоць я ў коштах не арыентуюся - дзе, што і пачым. Але думаю, гэтай сумы нам цалкам хопіць. Калі пераможам, думаю, хтосьці са спонсараў знойдзецца.
НЕЧАКАНА!
Аляксандр Ціхановіч: «Адпраўляць вынікі галасавання ў Белтэлерадыёкампанію буду па факсе»
Глядзець конкурс народны артыст Беларусі і адзін з галоўных членаў журы будзе ў Латвіі.
Сямейны дуэт запрасілі на два дні на ўрадавыя канцэрты ў Рыгу, ад удзелу ў якіх адмовіцца грэшна.
- Так, буду глядзець конкурс у Рызе! - пацвердзіў газеце Ціхановіч. - Можа, гэта і да лепшага. На мяне ціснуць ніхто не будзе і я ні на каго. Тым больш, час у нас аднолькавы, канал «Беларусь ТВ» там транслюе. Пагляджу, прагаласую і адпраўлю па факсе вынікі ў Белтэлерадыёкампанію.
З-за канцэрта ў Рызе свой бланк з вынікамі Ціхановічу прыйдзецца адпраўляць у Белтэлерадыёкампанію па факсе.
Нагадаем, Ціхановіч некалькі разоў рыхтаваў беларускага ўдзельніка да конкурсу. Гэта з ім у 2007 годзе Дзіма Калдун на «Еўрабачанні» стаў пятым, а відэа Руслана Аляхно ў 2008, прызналі на конкурсе лепшым. Дарэчы, ідэя выбіраць ўдзельніка ў адкрытым рэжыме (праект «Еўрафэст») належыць менавіта Ціхановічу. Пасля правалу групы «Лайтсаўнд» у Баку ад падрыхтоўкі беларускіх артыстаў да конкурсу народнага артыста адхілілі.