Лукашэнкаўскія алігархі вылучаюць сваіх спявачак
- 7.12.2012, 15:45
Рабочых «Белнафтахіма» заклікаюць падтрымаць Алену Ланскую на «Еўрафэсце».
Пра гэта паведаміў адзін са слухачоў «Еўрарадыё». Паводле яго слоў, на прадпрыемствы канцэрна па электроннай пошце mail.gov.by разаслалі ўлёткі. У іх змяшчаюцца заклікі да работнікаў «Белнафтахіма» падтрымаць у адборы на «Еўрабачанне» Алену Ланскую.
Нагадаем, спявачка ўжо прымала ўдзел у нацыянальным адборачным конкурсе на міжнародны музычны фэст у мінулым годзе і нават была абвешчаная яго пераможцай. Аднак праз некаторы час вынікі былі перагледжаныя і на «Еўрабачанне» ў Баку паехаў гурт «Litesound».
Cкандальная гісторыя з перамогай Алены Ланской у адборы на «Еўрабачанне-2012» звязана з імем аднаго з «кашалькоў» Лукашэнкі - Аляксандра Шакуціна. Выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, які і прывёў да «поспеху» спявачкі на «Еўрафэсце», абярнулася нечаканай паразай і лупцоўкай, якую атрымалі ад кіраўніка ўсе арганізатары конкурсу, акрамя самога алігарха. Сталі вядомыя цікавыя падрабязнасці. Напрыклад, палову выдаткаў «Еўрафэсту» аплачваў «Амкадор», старшынёй савета дырэктараў якога з'яўляецца Шакуцін.
Сама Алена Ланская не раз у сваіх інтэрв'ю ў беларускіх СМІ падкрэслівала, што менавіта ён адыграў вырашальную ролю ў яе поспехах.
Дарэчы, у мінулым годзе чыноўнікі таксама рассылалі лісты з заклікам падтрымаць «таленавітую сірату» у смс-галасаванні, якія згулялі немалую ролю ў прысуджэнні ёй першага месца. Акрамя таго, па чутках, Аляксандр Шакуцін абяцаў старшыні журы Аляксандру Ціхановічу цалкам аплаціць усе выдаткі, звязаныя з конкурсам «Еўрабачанне», так як БТ не валодала вялікімі фінансавымі магчымасцямі. І гэты факт, магчыма, стаў адным з вырашальных у «перамогі» Алены Ланской ў «Еўрафэсце».
У рэшце рэшт, вінаватым за фальсіфікацыі смс-галасавання ў мінулым годзе назвалі выканаўчага прадзюсара тэлеканала «Беларусь 1» Зміцера Баранава. Цяпер ён - генеральны дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», які ў свой час стварыў бізнэсмэн Аляксандр Шакуцін.