Лукашэнка прыняў дэкрэт аб «прыгонным праве»
- 7.12.2012, 16:09
Дыктатар падпісаў Дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці».
Дакумент прыняты нібыта «ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання мер дзяржаўнай падтрымкі ў ходзе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці, умацавання працоўнай дысцыпліны і матэрыяльнага стымулявання работнікаў».
Дэкрэтам прадугледжаны перавод на кантрактную форму найму работнікаў арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці, якім у адпаведнасці з указам Лукашэнкі ад 18 кастрычніка 2007 года № 529 «Аб некаторых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці» аказваецца дзяржаўная падтрымка па тэхнічнаму перааснашчэнню, мадэрнізацыі і рэканструкцыі іх вытворчасцяў.
Датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па ініцыятыве работнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная старшынёй абласнога (Менскага гарадскога) выканаўчага камітэта.
Пры гэтым Дэкрэтам устаноўлена, што работнікам арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці дадаткова да прадугледжанай кантрактам заработнай плаце ажыццяўляюцца штомесячныя грашовыя выплаты, памер якіх вызначаецца названымі арганізацыямі самастойна зыходзячы з іх фінансавых магчымасцяў.
У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення за вінаватыя дзеянні сума атрыманай імі за перыяд работы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню.
Пры незвароце дадзеных выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца па рашэнні суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Асобы, якія не знаходзяцца ў працоўных адносінах, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заработнай платы.
Аналагічны прававы рэжым прадугледжаны Дэкрэтам таксама ў дачыненні да работнікаў генеральных падрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцей арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Акрамя таго, Дэкрэтам прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць за парушэнне падрадчыкам (субпадрадчыкам, праектнай арганізацыяй) тэрмінаў выканання работ па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у выглядзе накладання штрафу на службовую асобу ў памеры ад дзесяці да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу - ад пяцiдзесяцi да пяцісот базавых велічынь .
Нагадаем, падчас наведвання прадпрыемства «Барысаўдрэў» у мінулую пятніцу Лукашэнка заявіў, што работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў будзе забаронена звальняцца з працы.
«Падрыхтуйце дэкрэт: да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі гэтых прадпрыемстваў забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка», - сказаў Лукашэнка.
У выпадку самавольнага звальнення з прадпрыемстваў дыктатар прыгразіў адпраўляць рабочых на прымусовыя работы.