Рабочы «Барысаўдрэва»: У кастрычніку атрымлівалі $135
- 7.12.2012, 17:17
Лукашэнкаўскую забарону на звальненні на прадпрыемстве лічаць несправядлівай, таму што цалкам мадэрнізаваць яго на працягу бліжэйшых гадоў немагчыма.
Каля прахадной «Барысаўдрэва» з рабочымі пагутарыла карэспандэнт «Радыё Свабода».
Ігар Сіроткін працаваў начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва. Ён напісаў заяву, і восенню кіраўніцтва прадпрыемства яго звольніла. Прычына сыходу - незадаволенасць зарплатай.
«Лукашэнка сказаў здаць не толькі гэты цэх, але і фанерныя, і запалкавыя прадпрыемствы. Загадаў цалкам правесці мадэрнізацыю ўсяго прадпрыемства. Але я лічу, што гэта нерэальна. Занадта вялікія выдаткі для гэтага патрэбныя. Такіх грошай няма. Зарплаты нізкія. У фанерным цэху ў верасні-кастрычніку гэтага года людзі атрымлівалі па 1 200 000 беларускіх рублёў (135 даляраў). Гэта вельмі мала. Лукашэнка сказаў, што да канца года будзе зарплата 500 даляраў. Паглядзім, калі так і будзе, то які сэнс звальняцца?»- сказаў Ігар Сіроткін.
Ён перакананы, што цяпер на прадпрыемстве ёсць людзі, якія хочуць звольніцца з-за нізкіх зарплат. Разам з тым, работнікі прадпрыемства могуць мець дадатковыя выгады. Напрыклад, пуцёўку са значнай скідкай і медыцынскую страхоўку.