Без «распушчальнікаў» трэці НПЗ Беларусі не патрэбны
- 8.12.2012, 15:55
Улады перадумалі будаваць яшчэ адзін нафтаперапрацоўчы завод.
Пра гэта 7 снежня праінфармавалі прадстаўнікі Наваполацкага гарвыканкама, паведамляе regnum.ru.
Нагадаем, згодна з указам Лукашэнкі № 226 ад 7 траўня 2012 года, прыватны беларускі нафтатрэйдар ТАА «Інтэрсэрвіс» атрымаў бязвыплатна ва ўласнасць маёмасны комплекс «Наваполацкага завода БВК» для стварэння на ягонай базе супольна з інвестарам нафтаперапрацоўчай вытворчасці. Заснавальнікам «Інтэрсэрвіс» з'яўляецца беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Да 1 студзеня 2021 г. з удзелам «Інтэрсэрвіс» на базе комплексу павінна быць створаная інавацыйная вытворчасць для перапрацоўкі нафты ды іншай вуглевадароднай сыравіны магутнасцю 1,5 млн. тон у год, а таксама тэрмінал такой жа магутнасці для захоўвання і пераладавання сыравіны і нафтапрадуктаў, што прадугледжвае інвестыцыі $ 270 млн. Прэзідэнцкі ўказ таксама прадугледжвае наданне інвестару падатковых ільгот (у тым ліку «падатковых вакацый»). Старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Святаслаў Зароўскі праінфармаваў, што «праз год-паўтары на базе БВК будзе новы завод».
Праз паўгода планы кампаніі «Інтэрсэрвіс» змяніліся. Магчыма, свае карэктывы ўнёс скандал з экспартам з Беларусі «распушчальнікаў», які ўскладніў стасункі паміж Масквой і Менскам.
«Цяпер змененая тэма інвестпраекта, новая тэма пакуль не ўзгодненая і агалосцы не падлягае, але можна сказаць, што інвестар будзе там рэалізоўваць зусім іншы праект, ніяк не звязаны з нафтаперапрацоўкай», - сказаў прадстаўнік гарвыканкама. Ён адзначыў, што адмова кампаніі «Інтэрсэрвіс» ад будаўніцтва міні-НПЗ «выкліканая аб'ектыўнымі і ўсім вядомымі прычынамі». На думку прадстаўніка Наваполацкага гарвыканкама, «цяпер не магчыма ўнесці змены і дадаткі ў гэты дакумент» - указ Аляксандра Лукашэнкі. Паводле інфармацыі гарадскіх уладаў, «Інтэрсэрвіс» прадоўжыць перапрафіляванне завода БВК.
У чэрвені на сустрэчы з жыхарамі Чэрвеньскага раёна кіраўнік Менаблвыканкама Барыс Батура паведаміў, што буйны беларускі нафтатрэйдар «Інтэрсэрвіс», які атрымаў скандальную вядомасць дзякуючы пастаўкам нафтапрадуктаў у Польшчу і які будуе новы (трэці ў краіне) НПЗ, стаў новым уладальнікам бітумнага завода «Вёска-ЭмульБіт» у Чэрвеньскім раёне. Кампанія «Інтэрсэрвіс» Мікалая Вараб'я замяшаная ў кантрабандзе нафтапрадуктаў у краіны Еўразвязу. Выданне адзначае: «Інтэрсэрвіс» атрымлівае нафтапрадукты ад «дочкі» расійскай НК «Татнафта» - «Татбелнафтапрадукт». Затым дызельнае паліва экспартуецца ў краіны Прыбалтыкі пад выглядам распушчальніка маркі Т і маркі L, а мазут М100 - як антыкаразійная сумесь».
Таксама нагадаем, у 2012 годзе ўрад РФ быў вымушаны адрэагаваць на шматлікія публікацыі на тэму «беларускага нафтавага афшора» - яго вывучэннем занялася міжведамасная група. Выкарыстоўваючы гэтую схему, беларускія кампаніі імкліва нарасцілі пастаўкі на рынак Еўразвязу «распушчальнікаў», «расбаўляльнікаў» і «змазак» - тавараў, вырабленых з расейскай нафты (або простагоннага бензіну) і экспартаваных без выплаты вывазных мытаў у расейскі бюджэт. Улетку 2012 расейская старана здолела стварыць перашкоды на шляху экспарту гэтых нафтапрадуктаў за тэрыторыю Мытнага саюза, а пазней абмежаваць пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь, якая атрымлівае расейскую нафту без абмежаванняў у аб'ёмах і выплаты вывазных мытаў. Уласныя штогадовыя патрэбы Беларусі ў нафце ацэньваюцца ў 6-6,5 млн т, згодна з дамоўленасцям у рамках АЭП, Беларусь атрымлівае расейскую нафту і нафтапрадукты без абмежаванняў у аб'ёмах і выплаты вывазных мытаў - такія выплачваюцца ў выпадку экспарту за межы Мытнага саюза нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты. Цяпер афіцыйны Менск дамагаецца паставак 23.000.000 т расейскай нафты ў 2013 годзе.