Івашкевіч заклікае да актыўнага байкоту «выбараў»
- 1.02.2012, 11:56
«Байкот парламенцкіх выбараў павінен быць актыўным і можа праводзіцца па некалькіх напрамках», - лічыць каардынатар «Беларускага руху» Віктар Івашкевіч.
Як перадае «Радыё Рацыя», першае - гэта інтэнсіўная інфармацыйная кампанія сярод насельніцтва аб фальсіфікацыях, якія здзяйсняюць улады, і пра іхнія правалы ў эканамічнай палітыцы, а таксама аб тым, што байкот не толькі выбараў, але і рэжыму - адзіная магчымасць супрацьдзеяння злачыннай палітыцы дыктатара, адзначае Віктар Івашкевіч, які таксама пракаментаваў ўчорашнюю спробу апазіцыйных структур дамовіцца аб фармаце бліжэйшай парламенцкай кампаніі:
- Як сталася, яны яшчэ думаюць, як і на выбары пайсці, і гранты атрымаць, і пад рэпрэсіі ўладаў не патрапіць. І ў той жа час пазбегнуць абвінавачванняў у тым, што яны ідуць на фальшывыя выбары ў той час, калі ёсць палітвязні.
Віктар Івашкевіч адзначыў, што іншыя напрамкі байкоту выбараў складаюцца ў тым, каб арганізаваць назіранне ў ходзе парламенцкіх выбараў незалежнымі назіральнікамі, а таксама незалежна ад настрояў грамадства арганізаваць масавыя Народныя сходы.