BE RU EN

Канікулы Лукашэнкі зацягнуліся

  • 1.02.2012, 14:19

«Кароткатэрміновы» адпачынак дыктатара доўжыцца ўжо два тыдні.

Апошні раз афіцыйны лідар з'яўляўся на публіцы 17 студзеня, калі даваў інтэрв'ю кітайскім СМІ. Прайшло ўжо два тыдні, а з Сочы - ад ягонага імя толькі віншавальныя лісты, піша «Салідарнасць».

Гэтая гісторыя практычна адзін у адзін паўтарае леташнюю. Тады, у крызісны перыяд (пасля падзеяў 19 снежня), кіраўнік дзяржавы накіраваўся разам з малодшым сынам Колем у Сочы. Прэзідэнцкая прэс-служба рапартавала: кароткатэрміновы адпачынак, не большы за тыдзень. Але падарожжа працягвалася каля двух.

Праз год, у перыяд эканамічнага крызісу, Лукашэнка зноў з сынам у Чырвонай Паляне. І таксама, з кароткатэрміновым адпачынкам, які, калі меркаваць па апошнім з'яўленні кіраўніка дзяржавы ў Беларусі на публіцы 17 студзеня, расцягнуўся амаль на два тыдні.

Дакладная дата вяртання Аляксандра Лукашэнкі на працоўнае месца, па традыцыі, паведамляецца постфактум. Але, як і ў мінулым годзе, ягоны апарат спраўна рассылае віншаванні: каралю Іарданскага Хашыміцкага Каралеўства Абдале II, кіраўніку Узбекістана Ісламу Карымаву, кіраўніку «Газпрама» Аляксею Мілеру, народнаму артысту Расеі Льву Лешчанку.

Усмешку выклікае і той факт, што «кубак гарбаты» за перамогу Вікторыі Азаранка Аляксандр Лукашэнка разам з сынам падымалі на фоне горналыжных схілаў. У той час як сёння на прэзідэнцкім сайце паказваецца, што ў Расейскай Федэрацыі ён знаходзіцца «з працоўным візітам». З кім сустракаецца? Якія пытанні вырашае? Калі вернецца з «працоўнага візіту, сумешчанага з кароткатэрміновым адпачынкам»? Ні слова...

Хоць, вядома, няма куды спяшацца... ВУП расце, заробкі хутка зноў будзе 500 даляраў, і, наогул, усё ў нас выдатна. І хай увесь свет пачакае...

Апошнія навіны