Чыноўнік пагражае журналісту судом за інтэрв'ю
- 10.02.2012, 12:57
За спробу ўзяць інтэрв'ю кіраўнік брэсцкага ЖКГ паабяцаў прыцягнуць журналіста да суду.
Карэспандэнт «Брэсцкай газеты» Станіслаў Коршунаў атрымаў рэдакцыйнае заданне высветліць, наколькі павялічыцца плата за ацяпленне ў сувязі з маразамі, піша ПЦ «Вясна».
Журналіст звярнуўся да генеральнага дырэктара КУМПП «Брэсцкая гарадская ЖКГ» Уладзіміра Ауткі, які паведаміў, што пакуль «гэтыя лічбы ніхто не пралічваў». Калі журналіст паспрабаваў задаць яшчэ адно пытанне з нагоды лічыльнікаў цяпла, то атрымаў ад кіраўніка гарадскога жыллёва-камунальнай гаспадаркі адказ, што ён «не даваў згоды на нейкае інтэрв'ю». «У першую чаргу вы павінныя былі запытацца, як карэспандэнт, ці згодны я на інтэрв'ю. Дык вось на інтэрв'ю я не згодны і ніякіх каментароў афіцыйна не даю», - растлумачыў Уладзімір Аутка.
Калі журналіст пацікавіўся, што будзе, калі ён не прыслухаецца да гэтых «парадаў», і атрымаў ад генеральнага дырэктара наступны адказ: «Калі вы надрукуеце, што я даў інтэрв'ю, будзем разбірацца праз суд. ...> У любой краіне, у нармальнай, суд - гэта не пагроза. Гэта цывілізаваная прылада для таго, каб урэгуляваць узаемаадносіны».
Як адзначыў Станіслаў Коршунаў, сустрэча з генеральным дырэктарам КУМПП «Брэсцкая гарадская ЖКГ» праходзіла ў службовым кабінеце чыноўніка. Неаднаразовыя спробы датэлефанавацца да Уладзіміра Ауткі напярэдадні, каб задаць пытанне і атрымаць адказ па тэлефоне, поспеху не мелі: нумар, як паведамілі ў прыёмнай, не адказваў.
Сітуацыю з тэлефонам гендырэктар пракаментаваў так: «Я што, павінен правяраць працаздольнасць гэтага тэлефона? Вось ўсталёўваюць унутраную станцыю, можа быць, дзесьці адключылі. Мне што, зараз паклікаць гэтых хлопцаў і накрычаць за тое, што яны ў працэсе сваёй працы адключылі гэты тэлефон? Не? Ну так што вы хочаце ад мяне?»
Карэспандэнт «БГ» у прысутнасці чыноўніка яшчэ раз з мабільнага набраў атрыманы ў прыёмнай нумар. Тэлефонны апарат на стале маўчаў.