Сяргей Каваленка: 57 дзён галадоўкі
- 13.02.2012, 14:33
Сябры заклікаюць Сяргея спыніць галадоўку - каб захаваць жыццё.
Віцебскі актывіст КХП-БНФ ужо 57 дзён галадае ў зняволенні.
Па словах жонкі Сяргея Алены Каваленка, стан ягонага здароўя ўсё больш пагаршаецца.
«Сяргей у дрэнным стане, ён працягвае галадоўку. Сёння ўжо 57-ы дзень галадоўкі. У пятніцу ў яго адвакат быў, сказаў, што ён вельмі дрэнна выглядае, што пагоршыўся ягоны стан, што адмаўляцца ад галадоўкі ён не плануе», - паведаміла жанчына «Еўрарадыё».
Нагадаем, Каваленка з 22 снежня знаходзіцца ў зняволенні ў віцебскім СІЗА. Ён абвінавачваецца ў неаднаразовым парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» (яе яму прысудзілі за вывешаны ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг). 21 лютага ў Першамайскім раённым судзе павінен пачацца суд. Амаль два месяцы Сяргей Каваленка трымае галадоўку, нягледзячы на тое, што яго спрабавалі прымусова карміць. На мінулым тыдні еўрадэпутат Марэк Мігальскі заклікаў старшыню Еўрапарламента Марціна Шульца тэрмінова заняцца справай беларускага апазіцыянера, каб выратаваць яму жыццё.
І Алена Каваленка, і паплечнікі Сяргея заклікаюць яго спыніць галадоўку, але ён пакуль адмаўляецца. Заўтра Сяргея Каваленку зноў наведае адвакат і можна чакаць з'яўлення новых вестак аб стане ягонага здароўя.