Пачобут: Аўтары фальшывак БТ не ведаюць польскай мовы
- 13.02.2012, 16:07
Дакументы, прадэманстраваныя Беларускім тэлебачаннем, напісаныя з граматычнымі памылкамі.
Журналіст «Газеты Выборчай», адзін з лідараў Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут ў паперах, прадэманстраваных ва ўчорашнім фільме БТ «Урокі польскай», пазнаў фальшыўкі, якія рассылаліся ў польскія СМІ год таму, перадае «Радыё Свабода».
«Там вельмі шмат русізмаў, бачна, што пісаў чалавек, для якога польская мова няродная. Па-другое, было выяўлена, што гэтыя матэрыялы дасылаліся ў польскія СМІ з Менска. Для праўдападобнасці да іх была далучаная частка сапраўдных дакументаў, якія не выклікалі нейкац контраверсійнасці, а да іх былі далучаныя фальшыўкі пра Някляева, пра грошы, пра Саюз палякаў... Гэта была правакацыя. Па сутнасці, беларускія спецслужбы такім чынам хацелі выклікаць нейкую негатыўную рэакцыю ўнутры Польшчы, гэта было накіравана перш за ўсё супраць МЗС Польшчы», - упэўнены журналіст.
Але тады нічога не атрымалася, гэтыя матэрыялы апублікаваў толькі штотыднёвік «NIE», які таксама ім не паверыў. Цяпер іх зноў ужылі.
«Я думаю, што тут палітычная прычына. Аляксандр Лукашэнка пачынае нейкую чарговую гульню з Захадам і хоча гэта рабіць па сваіх правілах. Але цвёрдая пазіцыя Польшчы яму замінае ў гэтым. Таму гэтыя медыйныя правакацыі накіраваныя на тое, каб нейкім чынам ставіць пад сумнеў аўтарытэт Польшчы ў працэсе выпрацоўкі тактыкі і стратэгіі Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі», - мяркуе Анджэй Пачобут.