Салігорскія чыноўнікі нацэліліся на Кнігу Гінэса
- 14.02.2012, 13:02
Салігорскі дэмакратычны актывіст Уладзімір Шыла працягвае барацьбу за сваё права на свабоду сходаў.
У апошнія дні ён накіраваў 10 заявак на правядзенне масавых мерапрыемстваў і да канца тыдня плануе падаць яшчэ пяць, паведамляе ПЦ «Вясна».
Як паведамлялася раней, з пачатку года мясцовыя ўлады забаранілі ўжо 18 акцый, але Уладзімір Шыла глядзіць на гэта досыць аптымістычна:
- Думаю, такімі тэмпамі праз пару месяцаў колькасць забарон пераваліць за сотню і тады мы звернемся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Якімі прававымі механізмамі, аднак, паўплываць на нашых чыноўнікаў вельмі складана, таму паспрабуем і іншы падыход. Калі колькасць адмоваў у правядзенні масавых мерапрыемстваў стане значнай, то накіруем заявы па колькасці забароненых пікетаў і мітынгаў у Кнігу рэкордаў Гінэса ці ў іншай падобны зборнік.
Пакуль жа актывіст спадзяецца, што Салігорскі выканкам ўсё ж такі атрымае адмашку зверху і дасць дазвол на правядзення шэрагу пікетаў і мітынгаў, на якіх можна будзе выказацца аб эканамічнай і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, у тым ліку аб існаванні палітычных зняволеных і неабходнасці іх вызвалення.