Міліцэйскага начальніка асудзілі на 4 гады за збіццё падначаленага
- 16.02.2012, 12:32
Былы намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС Менска Дзінас Лінкус атрымаў 4 гады ўзмоцненага рэжыму.
Дзінаса Лінкуса асудзілі ў судзе Гродзенскага раёна па артыкуле 426 ч. 3 за збіццё начальніка Шчучынскага раённага аддзела Дэпартамента аховы Аляксея Сяргея. Да ўступлення прысуду ў сілу Лінкус застаецца на волі, паведамляе «Радыё Свабода».
Дзінас Лінкус, якога толькі некалькі дзён як перавялі на пасаду начальніка Упраўлення Дэпартамента аховы па Гродзенскай вобласці, збіў свайго падначаленага.
На судовых працэсах прысутнічалі актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом», якія распавядалі, як Лінкус, яшчэ працуючы ў Менску, затрымліваў актывістаў апазіцыі, здзекаваўся і пагражаў ужыць сілу не толькі да мужчын, але і да жанчын.