Лукашэнка падлічыць «па-чэснаму»
- 16.02.2012, 15:06
Лукашэнка даручыў разабрацца з галасаваннем на «Еўрафэсце».
Як стала вядома TUT.by з крыніц ў Белтэлерадыёкампаніі, у сувязі з неадназначным рэагаваннем на вынікі праведзенага 14 лютага фіналу Нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта «Еўрафэст» Аляксандр Лукашэнка стварыў адмысловую камісію, якой даручана дэтальна разабрацца ў тым, наколькі аб'ектыўна быў вызначаны пераможца гэтага конкурсу.
Па наяўных звестках, у камісію ўваходзяць прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку і спецыялісты па абароне інфармацыі. Свае высновы камісія павінная далажыць кіраўніку дзяржавы на працягу бліжэйшых дзён. У прадпрыемстве «Белтэлекам», якое забяспечвала тэлефоннае галасаванне гледачоў, каментаваць сітуацыю адмовіліся.
Як ужо паведамляў сайт charter97.org, у аўторак ўвечары ў Палацы спорту было канчаткова вырашана, што Беларусь на «Еўрабачанні-2012» будзе прадстаўляць Алёна Ланская. Іншыя ўдзельнікі нацыянальнага адбору вынікамі, мякка кажучы, не вельмі задаволеныя, як, зрэшты, і гледачы. Лідэр Litesound Зміцер Каракін дэманстратыўна пакінуў сцэну, а Гюнэш наогул не выйшла на ўручэнне прызоў.
Нагадаем, яшчэ напярэдадні фіналу «Еўрафэсту» ў Інтэрнэце з'явіліся інфармацыя, што ў прасоўванні Ланской на конкурсе выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс.
Тым не менш, інтэрнэт-апытанні паказалі, што творчасць «сіраты, што сваім талентам дасягнула фіналу конкурсу», не вельмі-та папулярная сярод беларускіх слухачоў.
На неафіцыйным сайце Еўрабачання ў апытанні перамог гурт Litesound - за яго аддалі галасы амаль 48% з тых, хто прымаў удзел у апытанні, а Ланская апынулася на трэцім месцы (10,45%), то бок саступіла яшчэ і Гюнэш (11,9%).