У Зміцера Бандарэнкі абвастрылася падагра
- 16.02.2012, 16:47
Сёння з палітвязнем у Магілёўскай калоніі сустрэўся адвакат.
Адвакат паехаў у калонію ў сувязі з тым, што на мінулых выходных ад Зміцера Бандарэнкі не было планавага тэлефанавання.
Як паведаміла сайту charter97.org жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Вольга Бандарэнка, стала вядома, у Зміцера Бандарэнкі абвастрыўся шэраг захворванняў. У прыватнасці, падагра і праблемы з хрыбетнікам - з-за таго, што ён не можа ляжаць, а вымушаны ўвесь час сядзець або стаяць.
«Я радая, што муж хоць бы можа карыстацца медыцынскім кійком і зручным абуткам», - сказала Вольга Бандарэнка.
Нагадаем, што ў зняволенні Зміцер Бандарэнка, прысуджаны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года да двух гадоў пазбаўлення волі, перанёс складаную нейрахірургічную аперацыю на хрыбетніку. 1 лютага ён напісаў прашэнне аб памілаванні, аднак вызвалены не быў.