Здзекі над палітвязнямі працягваюцца
- 17.02.2012, 15:00
Зміцера Дашкевіча спрабавалі сілай пасадзіць да так званага «апушчанага».
Сёння ў Глыбоцкай калоніі адбылася сустрэча лідэра «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча з адвакатам. Пра гэта паведаміла нявеста палітвязня Анастасія Палажанка. Па ейных словах, сустрэча праходзіла ў нервовай атмасферы: Дашкевічу не давалі гаварыць супрацоўнікі калоніі і пагражалі наогул спыніць сустрэчу, паведамляе «Еўрарадыё».
Аднак палітвязень паспеў паведаміць, што супрацоўнікі калоніі спрабавалі сілай завесці яго ў камеру да зняволенага з нізкім сацыяльным статусам, так званага «апушчанага». Паводле негалосных правілаў, якія існуюць сярод зэкаў, гэта аўтаматычна перавяло б самога Дашкевіча ў такі статус. Зміцер адмаўляўся ад гэтага, за што яго змясцілі ў ШІЗА.
Як лічыць Дашкевіч, супраць яго арганізавалі гэтую правакацыю, каб потым пачаць супраць яго крымінальную справу за супраціў супрацоўнікам калоніі і падоўжыць тэрмін зняволення.
Нагадаем, палітвязню засталося адбываць пакаранне роўна 10 месяцаў.