Асанж прадставіць новы фільм пра Лукашэнку
- 19.02.2012, 16:48
«Free Belarus Now» і «Guerilla Pictures» прадстаўляюць фільм «Апошні дыктатар Еўропы».
Дакументальны фільм зняты Мэцью Чарльзам і Хуанам Пасарэлі і агучаны вядомай брытанскай акторкай Джаанай Ламлі.
Прэм'ерны паказ пройдзе ў чацвер 1 сакавіка, 18.30 (уваход у 17.30) у Old Vic Tunnels, (Station Approach Road, SE1). Квіткі па кошце £ 11 можна замовіць на www.oldvictunnels.com.
Пасля прэзентацыі фільма пройдзе ток-шоў з удзелам Джааны Ламлі і заснавальніка Wikileaks Джуліана Асанжа.
«Апошні дыктатар Еўропы» - новы фільм ад «Guerilla Pictures». Ён зняты ў мінулым годзе. У фільме распавядаецца аб катаваннях, забойствах і выкраданнях, арганізаваных уладамі Беларусі і яе кіраўніком, Аляксандрам Лукашэнкам.
У фільме Ірына Багданава, лекар з паўднёвай Англіі і сястра палітвязня, кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава распавядае аб гвалтоўным падаўленні апазіцыі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2010 года. Гэта яе гісторыя, асабістая і эмацыйная драма. Але яна не проста распавядае пра свайго брата. Сёння яна робіць усё магчымае, каб звергнуць апошняга дыктатара Еўропы.
Большая частка матэрыялаў была знятая таемна. Фільм паказвае ненармальны характар Лукашэнкі, раскрываючы тэму, якая сёння недастаткова добра вядомая ў свеце.
Апавядальніца, вядомая акторка і актывістка Джаана Ламлі тлумачыць, чаму яна занялася працай над фільмам. «Як і многія людзі ў Вялікабрытаніі, я не ведала пра дэспатычнай характары беларускіх уладаў, пакуль мяне не запрасілі прыняць удзел у акцыі пратэсту супраць затрымання аднаго з шматлікіх палітычных вязняў гэтай краіны Андрэя Саннікава. Калі я даведалася больш пра жорсткае і нялюдскае абыходжанне з дысідэнтамі, якое адбываецца так блізка да Вялікабрытаніі і мяжуе з ЕЗ, я зразумела, што павінная зрабіць усё магчымае для асвятлення фактаў забойстваў і катаванняў, якія працягваюцца дагэтуль. Чым больш у іншых краінах будуць ведаць пра гэтыя злавесныя сакрэты Беларусі, тым большы шанец вызвалення нявінных людзей. Беларусь знаходзіцца ў складаным геаграфічным становішчы, яна з'яўляецца буферам паміж Расеяй і Польшчай, і з-за гэтага нават тыя ўрады, якія спачуваюць ёй, дзейнічаюць вельмі акуратна, спрабуюць не пагоршыць сітуацыю. Таму, простыя людзі павінныя смела і гучна заявіць пра пратэст супраць тыраніі, таксама як робяць гэта беларусы».