Пенсіі за год паменшыліся больш чым на 23%
- 20.02.2012, 10:19
У студзені 2012 года рэальны памер пенсій паменшыўся на 23,3% у параўнанні са студзенем 2011-га і на 1,9% у параўнанні са снежнем.
Такія дадзеныя апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт, перадае БелаПАН.
Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў студзені гэтага года склаў 973,7 тыс. рублёў, па інваліднасці - 871,7 тыс., па прычыне страты карміцеля - 633,9 тыс. рублёў, сацыяльных пенсій - 530,8 тыс. рублёў.
У гэты перыяд на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне складалася 2 млн. 486,9 тыс. пенсіянераў. Сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 940,4 тыс. рублёў, што ў два разы перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму для пенсіянераў.
На прэс-канферэнцыі 4 студзеня намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва заявіла: у 2012 годзе пенсіі будуць павышацца з улікам фінансавых магчымасцяў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, дзяржавы і з улікам росту прыбыткаў працаўнікоў.
Яна падкрэсліла, што ў 2011 годзе пенсіі выплачваліся ў поўным памеры і своечасова. Было праведзена 3 пераразлікі працоўных пенсій, заснаваных на росце сярэдняга заробку, павышаліся мінімальныя і сацыяльныя пенсіі і надбаўкі да пенсій у сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму.
«У 2012 годзе захаваецца сацыяльная накіраванасць пенсійнай палітыкі», - запэўніла намеснік міністра.